Прыгажосць і здароўе

Шэраг мерапрыемстваў клубныя ўстановы прымеркавалі да Міжнароднага дня адмовы ад палення, які адзначаўся 21 лістапада.

У Кляпацкім сельскім Доме культуры адбылася інфармацыйная гадзіна для школьнікаў «Дыхай свабодна». Рабяты даведаліся аб узнікненні тытунепалення, шкодзе, якую яно нясе здароўю чалавека.

Дзіцячая гадзіна «Дружна, смела, з аптымізмам за здаровы лад жыцця» прайшла ў Калазубскім сельскім клубе-бібліятэцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі паразважалі аб правільным харчаванні, карысці рэжыму дня і заняткаў фізічнай культурай, паўдзельнічалі ў рухавых гульнях.

На тэматычную гутарку «Здаровы подых» запрасіў падлеткаў Новазасімавіцкі сельскі Дом культуры. Прысутныя пачулі сумную статыстыку аб захворваннях курыльшчыкаў і наступствах іх безадказных учынкаў, небяспецы, якую ўяўляюць электронныя цыгарэты. Таксама ўсе жадаючыя маглі наведаць выставу работ удзельнікаў гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Сувенірны свет», які працуе ў клубнай установе.

Захаванню здароўя было прысвечана чарговае пасяджэнне жаночага клуба «Натхненне» ў Шарашоўскім цэнтры культуры і вольнага часу, у якім аб прынцыпах правільнага харчавання і ладу жыцця распавялі лабарант бальніцы А.Ліхалетава і бібліятэкар В.Фасевіч. Сустрэча завяршылася агульным чаяпіццем з травамі, спевамі і танцамі. Таксама клубная ўстанова прадставіла выставу «Гадзіна творчасці», на якой можна ўбачыць работы мясцовых майстроў – Л.Хеншаль (вязанне), Т.Капыловіч (вязанне, вышыўка), М.Фасевіча і С.Ліневіча (дрэваапрацоўка) і інш.

А ў Мураўскім сельскім Доме культуры з 15 па 22 лістапада працавала выстава «Скарбніца нашых майстроў», на якой наведвальнікі пазнаёміліся з творамі вясковых майстроў – М.Еўтуховіч, Л.Строк, Л.Вярышка.

Добавить комментарий