Адной з найбольш яркіх падзей першага дня спартыўна-культурнага фестывалю “Вытокі: крок да Алімпу” стала прэзентацыя пружанскай кулінарыі.
Мерапрыемства пачалося са знаёмства з кнігай “Пружанская кулінарыя”, якая выйшла з друку ў мінулым годзе і ўжо набыла шырокую папулярнасць. Далей гасцей гастранамічнага свята з сапраўным смаляніцкім караваем прывіталі гаспадар (Алег Строк) і гаспадыня (Ганна Жук) і народны фальклорны гурт “Бабіна лета”. Далей усіх прысутных запрасілі на тэрасу музея-сядзібы “Пружанскі палацык” на дэгустацыю разнастайных страў, прыгатаваных па рэцэптах кнігі.
Мясцовую кухню з яе брэндамі шклёндрай, сходнікамі, праснякамі, шкваркамі, галушкамі з макам і клёцкамі з салам, а таксама іншымі стравамі прадставілі Ірына Параняк і Таццяна Папко з Роўбіцкага сельскага клуба-бібліятэкі.
Смачныя смаляніцкія стравы – каравай, пірог, бацваны, цомбер, сыр, затуўку – прыгатавалі Людміла Яроцкая (Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры) і Ірына Гадуйка (раённая цэнтралізаваная клубная сістэма).
Кухню розных рэгіёнаў Пружаншчыны (сыр па-зарэчанску, паштэт па-пушчанску, кумпяк і палямбіца па-загорску, сала па-палябанску, каўбаса па-ружанску, залескі мёд і інш.) прапанавалі Вольга Гардзейчык (Палац культуры), Наталія Пракаповіч (адзел культуры райвыканкама) і Вольга Зінкевіч (раённая цэнтралізаваная клубная сістэма).
З мясцовымі кулінарнымі традыцыямі пазнаёмілі таксама Ніна Рогач, Генадзь Пацапня (Велікасельскі сельскі Дом культуры) і Святлана Кінальчук (Велікасельская сельская бібліятэка). На іх стале былі шклёндра па-велікасельску, піражкі з фасоляй, смалец, бурачкі з грыбамі, бліны, паштэт, мясны рулет па-бакуноўску і інш.
Багаццем і разнастайнасцю вызначаўся таксама стол па-брадоўску, падрыхтаваны Інай Яраш (Шчарчоўскі сельскі клуб-бібліятэка). На стале гэтай гаспадыні можна было пачаставацца ламанцамі і чорнымі блінамі, салам і кіндзюком, сальцісонам і шчукай.
Народны фальклорны гурт “Бабіна лета” пад кіраўніцтвам Кацярыны Ідрысавай з Ліноўскага сельскага Дома культуры прадставіў разнастайную аранчыцкую кухню – дранікі з ліскамі, жур, пышкі, квашаную капусту, дамашнюю каўбасу, сала і інш.
Стравы, прыгатаваныя работнікамі культуры, выклікалі вялікі попыт у гасцей фестывалю, якія з задавальненнем пазнавалі стравы свайго дзяцінства, даведваліся новыя кулінарныя рэцэпты.
Акрамя кулінарнай прэзентацыі наведвальнікі пляцоўкі каля “Пружанскага палацыку” прынялі ўдзел у майстар-класе па мясцовых народных танцах, які прапанаваў народны ансамбль народнага танца “Спадчына” (кір. Валянціна Іскаліева) і паспявалі разам з народнай арт-групай “Родники” (кір. Алёна Лосева) Пружанскага гарадскога Палаца культуры. Незабыўныя народныя мелодыі выканаў ансамбль гарманістаў “Ліноўскія музыкі” (кір. Аляксандр Пракопчык) Ліноўскай дзіцячай школы мастацтваў.
Прэзентацыя кулінарыі Пружаншчыны аставіла яркія ўражанні ва ўсіх, хто далучыўся да гэтай знакавай падзеі.
Падрабязней тут: https://ok.ru/video/8612249995920, https://yandex.by/video/preview/17323362401170583340