Канцэртная праграма “Хата бацькоў” прайшла 5 лютага ў Кляпацкім сельскім Доме культуры. Яе прадставілі ваеннаслужачыя 557-й інжынернай брыгады (г.Гродна). Акрамя знаёмства з творчасцю ваенных музыкантаў ўсе жадаючыя змаглі наведаць выставу ўзбренння і экіпіроўкі воінскай часці, даведацца аб асаблівасцях службы ва Узброеных Сілах Беларусі.
Шэраг устаноў культуры напярэдадні і ў выхадныя дні вырашылі нагадаць дзецям і дарослым аб бяспецы і захаванні здароўя. Так, у кінатэатры “Спадарожнік” прайшла гутарка аб пажарнай бяспецы і правілах паводзін у зімовы час. Перад вучнямі сярэдняй школы № 1 выступіў інспектар Пружанскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях М.В.Талмачэвец, які расказаў дзецям аб неабходнасці прытрымлівацца супрацьпажарных правіл, уручыў адпаведныя буклеты і памяткі. Рабяты таксама паглядзелі відэаролікі аб дзейнасці пры пажары, бяспецы на лёдзе. Завяршылася сустрэча праглядам фільма “Азбука безопасности”. Ліноўскі сельскі Дом культуры зладзіў для старшакласнікаў мясцовай школы інфармацыйна-пазнавальную гадзіну па прафілактыцы ўжывання наркотыкаў, а Мокраўскі сельскі Дом культуры правёў гутарку “Жыццё без шкодных звычак”, накіраваную на недапушчэнне палення і алкагалізму.
Разнастайна правесці вольны час, як звычайна, прапанаваў Шарашоўскі цэнтр культуры і вольнага часу. Для малодшых школьнікаў адбылася праграма “Я – вясёлая гульня!”. На сустрэчы ў клубе выхаднога дня жанчыны падзяліліся кулінарнымі рэцэптамі і правялі майстар-клас па заварванні розных сартоў кітайскага чаю. Ва ўстанове таксама прайшлі заняткі для аматараў ёгі, спаборніцтвы па шахматах і шашках.
Дзіцячы творчы конкурс пад дэвізам: “Калі зіма не малюе карункі снегам і марозамі, мы намалюем зіму крэйдамі” быў арганізаваны ў Мураўскім сельскім Доме культуры. А на майстар-клас па вырабу снегавікоў з паперы запрасіў маленькіх вяскоўцаў Слабудскі сельскі Дом культуры.