16 лютага 2022 г. на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Новазасімавіцкая дзіцячая школа мастацтваў” адбыўся раённы семінар для настаўнікаў вакальна-харавых дысцыплін па тэме “Фарміраванне і развіццё вакальна-харавых навыкаў у вучняў малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту”. У ім прынялі ўдзел 10 настаўнікаў з школ мастацтваў Пружанскага раёна.
Педагогаў павітала дырэктар установы Марына Леанідаўна Кузьміч, якая пазнаёміла прысутных з найбольш значнымі дасягненнямі школы і акцэнтавала ўвагу на станоўчай дзейнасці харавога аддзялення.
У рамках семінара з творчай і метадычнай справаздачай выступіла настаўнік вакальна-харавых і тэарэтычных дысцыплін Юлія Юр’еўна Макаранка. Яна не толькі падрабязна спынілася на метадычных аспектах працы з салістамі і хорам, але і з дапамогай вучняў прадэманстравала артыкуляцыйныя практыкаванні, дыхальную гімнастыку і вакальную работу. На прыкладзе працы з музычнымі творамі настаўнік і вучні дасягнулі пастаўленых на занятку мэты і задач. Рабяты паказалі выдатны ўзровень падрыхтаванасці, правільнае спеўнае дыханне, гукаўтварэнне, артыкуляцыю, дыкцыю, лад, ансамбль і дзвюхгалосныя спевы. Настаўнікі, якія прысутнічалі на семінары, адзначылі высокі прафесіяналізм, валоданне методыкай прадмета і творчы патэнцыял педагога.
Мерапрыемства завяршылася канцэртам, падчас якога дырэктар школы ўручыла вакальнаму ансамблю першага класа і дзіцячаму хору “Канфеці” дыпломы лаўрэатаў І-й ступені Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Призвание” (г.Санкт-Пецярбург).