Сумнай датай для пружанскай гісторыі з’яўляецца 22 студзеня. Менавіта ў гэты дзень у 1944 г. была спалена вёска Байкі каля Ружан. У полымі згарэла 120 двароў, былі знішчаны жыхары. Колькасць загінуўшых у Байках да сённяшняга дня да канца не высветлена. Паводле розных крыніц называюцца лічбы ад 957 да 1111 чалавек.
Гэта толькі адзін са шматлікіх страшных фактаў распраў над мірным насельніцтвам Пружаншчыны ў перыяд нямецкай акупацыі 1941 – 1944 гг. А іх быў не адзін дзесятак.
Сёння своеасаблівым напамінам аб горычы і стратах нашай зямлі з’яўляецца помнік спаленым вёскам у г.Пружаны, які быў створаны ў 2005 г. на сродкі мясцовых жыхароў і арганізацый, землякоў і грамадскіх аб’яднанняў. На мемарыяле ўзгадана 58 спаленых вёсак, 7 з якіх не аднавіліся. Згодна архіўным дадзеным такіх вёсак было 57, у тым ліку 6 – не адроджаных. Доўгі час менавіта гэта лічба з’яўлялася афіцыйнай і была адной з самых вялікіх сярод іншых раёнаў рэспублікі.
Пасля таго, як у мінулым годзе Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час, былі выяўлены новыя звесткі аб злачынствах фашысцкіх захопнікаў, у тым ліку аб спаленні населеных пунктаў.
У выніку сумеснай работы, якая на працягу некалькіх месяцаў праводзілася пракурорам Пружанскага раёна саветнікам юстыцыі Аляксандрам Вярбіцкім, начальнікам Пружанскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз падпалкоўнікам юстыцыі Генадзем Пракаповічам, галоўным спецыялістам аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Наталляй Пракаповіч, стала відавочна, што страты на нашай зямлі былі значна большымі, чым лічылася раней. За гэты час адбыліся выезды на месцы мяркуемых спаленых вёсак і іх фотафіксацыя, былі ўстаноўлены геаграфічныя каардынаты аб’ектаў, складзены карты, дапрошаны сведкі, знойдзены дакументы, у тым ліку атрыманы архіўныя крыніцы, прааналізаваны публікацыі ў сродках масавай інфармацыі і друкаваных выданнях. Актыўны ўдзел у гэтай працы прынялі старшыні сельвыканкамаў. Да яе таксама далучыліся кіраўнікі сельгасарганізацый, работнікі лясніцтваў, мясцовыя жыхары, краязнаўцы, карэспандэнты газеты “Раённыя будні”.
Такім чынам, на сённяшні дзень удалося ўстанавіць, што на тэрыторыі сучаснага Пружанскага раёна ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны нямецкімі акупантамі паліліся 134 населеныя пункты, 43 з якіх зніклі назаўсёды. Найбольшая іх колькасць была спалена летам – зімой 1941 г. падчас карных аперацый фашыстаў, накіраваных на знішчэнне лясных населеных пунктаў і прымусовае высяленне іх жыхароў з мэтай недапушчэння дапамогі чырвонаармейцам-акружэнцам і разгортвання партызанскага руху. За час вайны найбольш пацярпелі населеныя пункты сучаснага Сухопальскага сельсавета – спалена 39 (не адноўлена – 10), Мокраўскага – 28 (9), Шчарчоўскага – 17 (2), Ружанскага – 13 (1), Шарашоўскага – 9 (4), Шаняўскога – 8 (2).
Работа па выкрыцці фактаў генацыду насельніцтва Беларусі працягваецца, кропку ў ёй пакуль ставіць рана. Калі вы валодаеце звесткамі па ўзгаданых тэмах, просім паведаміць аб гэтым па тэлефоне: 3-41-22 (панядзелак – пятніца, 8.00 – 13.00, 14.00 – 17.00).
Фота кастрычніка – лістапада 2021 г.:
- Жыхарка в. Акольнік (Шарашоўскі сельсавет) Ангеліна Новік паказала месца спаленай в. Лозкі.
- Стараста вёсак Шчытна, Верчыцы і Астравок (Ружанскі сельсавет) Сяргей Цяцерскі ўказаў, дзе была в. Міхалін.
- Ранейшы хут. Засьбы (Шчарчоўскі сельсавет).
- Старшыня Сухопальскага сельсавета Міхаіл Мартынаў каля былога хут. Папялёва.
- Спалены хут. Ясенец (Хараўскі сельсавет) – радзіма перакладчыка і мовазнаўцы Васіля Сёмухі.