Такую назву мае выстава жывапісу, якая 7 лютага пачала працу ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык». На ёй прадстаўлена 30 работ мастака-аматара Мікалая Мікалаевіча Чалея (г.Бяроза). Адкрыццё выставы адбылося з удзелам аўтара, яго родных і сяброў, наведвальнікаў музея.
Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся ў в.Совіна Бярозаўскага раёна. З малых гадоў ён захапляўся маляваннем, але прафесійнай адукацыі ў гэтай сферы не набыў, стаў будаўніком. Тым не менш, прага да творчасці паспрыяла развіццю хобі. Аўтар пастаянна ўдасканальваў сваё мастацкае рамяство, ствараючы рэпрадукцыі карцін вядомых жывапісцаў. Асаблівае захапленне ў мастака-аматара выклікалі пейзажы Юлія Клевера і Івана Шышкіна. Менавіта пейзаж стаў асноўным жанрам у творчасці Мікалая Чалея, які выяўляе на сваіх палотнах прыгажосць роднай прыроды. Ён стварыў каля 400 карцін, правёў 6 персанальных выстаў, 2 з якіх – у «палацыку».
Музей-сядзіба «Пружанскі палацык» запрашае наведаць выставу мастацкіх работ Мікалая Чалея «Подых пэндзля», якая будзе працаваць да 2 сакавіка 2025 года.