Набліжаюцца школьныя канікулы. Як карысна і цікава правесці свой вольны час? Канешне, трэба наведаць музей-сядзібу “Пружанскі палацык”!
Менавіта так на мінулым тыдні арганізавалі свой шосты школьны дзень вучні сёмых класаў сярэдняй школы № 4 г.Пружаны, якія завіталі ў “палацык”.
Іх праграма аказалася даволі насычанай і рознапланавай.
Так, падчас лекцыі дзеці даведаліся пра жыццё і дзейнасць Народнага майстра Рэспублікі Беларусь Мікалая Тарасюка з вёскі Стойлы, а на выставе “Чалавек – Зямля – Дрэва” бліжэй пазнаёміліся з яго творчасцю.
Навуковы супрацоўнік музея Арына Сысаляціна таксама правяла для школьнікаў экскурсію па гарадскім парку, у час якой расказала пра гісторыю самога помніка прыроды і сядзібы.
Да таго ж сямікласнікі даведаліся, што ў былым сядзібным флігелі сёння працуе ганчарная майстэрня. Падчас вандроўкі па парку адбылася гутарка аб традыцыйнай пружанскай кераміцы і вядомым мясцовым майстры-ганчары Антоне Такарэўскім.
Хочаш ведаць родны край? Табе – у музей!