У рамках акцыі «Павага. Клопат. Адказнасць», прымеркаванай да Міжнароднага дня пажылых людзей, клубныя ўстановы зладзілі шматлікія віншавальныя праграмы.
Так, работнікі Велікасельскага сельскага Дома культуры завіталі з канцэртамі ў вёскі Ялова і Юхнавічы.
У Новазасімавіцкім сельскім Доме культуры адбылася вечарына адпачынку «Для тых, хто не лічыць гады». Людзі “залатога” ўзросту разам спявалі, удзельнічалі ў конкурсах, танцавалі.
Віншаванне на даму з нагоды свята зладзіў Кляпацкі сельскі Дом культуры.
Да доўгажыхароў і сталых юбіляраў з падарункамі і добрымі словамі наведаліся работнікі Белавусаўшчынскага сельскага клуба-бібліятэкі.
Старэйшым вяскоўцам прысвяціў індывідуальныя віншаванні творчы калектыў Мураўскага сельскага Дома культуры.
Рудніцкі сельскі клуб-бібліятэка разам са старшынёй Мокраўскага сельвыканкама В.В.Грышкевіч павіншаваў з Міжнародным днём пажылых людзей жыхароў Навадворцаў, Залесся і Руднікаў.
Да вяскоўцаў у Зарэчча, Абруб і Лазоўку завітаў аўтаклуб са старшынёй Велікасельскага сельвыканкама Т.М.Навіцкай.
Вечарыну віншаванняў «Ад чыстага сэрца простымі словамі» арганізаваў Сухопальскі сельскі клуб-бібліятэка.
Роўбіцкі сельскі клуб-бібліятэка падрыхтаваў музычнае віншаванне «А гады срэбрам блішчаць».