На пружанскай зямлі шмат памятных мясцін, якія нагадваюць нам аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.
Адным з іх з’яўляецца магіла ахвяр фашызму ў Белавежскай пушчы, больш вядомая сярод мясцовых жыхароў як помнік “Падаючыя крыжы”.
Штогод, у першую нядзелю жніўня, прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, устаноў адукацыі і культуры, рэлігійных абшчын, ваеннаслужачыя, людзі розных узростаў і нацыянальнасцяў, родныя загінуўшых наведваюць гэта жалобнае месца, каб аддаць даніну памяці жыхарам прыгранічных вёсак, якія загінулі ад рук гітлераўскіх карнікаў 29 ліпеня – 2 жніўня 1941 года.
У мінулую нядзелю, 7 жніўня, каля магілы мірных жыхароў сабралася шмат людзей. Да ўдзельнікаў мітынгу-реквіему звярнуўся старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які адзначыў неабходнасць захавання памяці аб трагедыі, якая адбылася на нашай зямлі больш за 80 гадоў таму назад. Падрабязна на абставінах пушчанскіх растрэлаў і гісторыі з’яўлення помніка спынілася краязнаўца з Шарашова Тэрэса Панамар. Аб патрэбе берагчы духоўную спадчыну і мір гаварылі ксёндз шарашоўскага касцёла святой Троіцы Яцак Дубіцкі і настаяцель новазасімавіцкага храма іконы Божай Маці “Неспадзяваная радасць” Сергій Сысаляцін.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць аб закатаваных мірных жыхарах хвілінай маўчання, усклалі вянкі і кветкі да помніка.
Творы рэлігійнага зместу каля памятнага месца выканаў вакальны ансамбль “Амафор” (кіраўнік Наталля Данцова) Новазасімавіцкага сельскага Дома культуры. Сцэнарый мітынгу падрыхтаваў Пружанскі гарадскі Палац культуры.