26 кастрычніка ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адкрылася мастацкая выстава «Фрагменты…». На ёй прадстаўлены 30 копій карцін вядомых еўрапейскіх, расійскіх і беларускіх мастакоў, арыгіналы якіх захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Копіі работ былі выкананы выпускнікамі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава.
На адкрыцці выставы прысутнічалі дырэктар каледжа Аляксандр Шантаровіч, дарэчы, ураджэнец Пружаншчыны, а таксама студэнты і выкладчыкі ўстановы, госці. У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны. Для іх і усіх жадаючых выкладчыкі каледжа правялі майстар-клас.
Выстава «Фрагменты…» будзе працаваць у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» да 30 лістапада. Запрашаем наведаць!