Такую назву носіць выстава, якая 5 мая 2022 года адкрылася ў Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў. Яна прысвечана Году гістарычнай памяці, Дню Перамогі і расказвае аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.
Адкрыла выставу дырэктар музея Крысціна Глушко. Яна пазнаёміла прысутных з канцэпцыяй экспазіцыі, якая адлюстроўвае маштабы трагедыі вайны як на Беларусі, так і на тэрыторыі Ружаншчыны.
На неабходнасць захавання гістарычнай праўды і памяці аб падзеях мінулага звярнуў увагу начальнік аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш.
Пракурор Пружанскага раёна Аляксандр Вярбіцкі падрабязна расказаў аб расследаванні фактаў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на работу, якая ўжо праведзена на тэрыторыі вобласці і раёна.
Аксана Юркоўская, старшыня Ружанскага сельвыканкама, заклікала берагчы мір, здабыты нашымі продкамі ў цяжкай барацьбе, і не забываць аб той вялікай ахвяры, якую прыняслі беларусы дзеля перамогі над фашызмам.
Вядучымі на адкрыцці выставы “Незабытыя ахвяры вайны” былі вучні Ружанскай сярэдняй школы.
Мерапрыемства наведалі адміністрацыя, педагогі і вучні мясцовай школы, прадстаўнікі 210-авіяцыйнага палігона, працоўных калектываў і грамадскасці, а таксама настаяцель ружанскага храма святых апосталаў Пятра і Паўла Аляксандр Сень, які перадаў для часовага экспанавання арыгінальныя дакументы перыяду вайны, у тым ліку вядомы “спіс айца Іаана Наўродскага”.
Першую экскурсію па выставе правяла галоўны захавальнік фондаў Іна Нячай.
На выставе “Незабытыя ахвяры вайны” можна ўбачыць копіі архіўных дакументаў, фотаздымкі, успаміны відавочцаў, кнігі, артыкулы, прадметы з фондаў Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў і музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, а таксама матэрыялы, перададзеныя пракуратурай раёна і аддзелам культуры райвыканкама.