Не засталіся без увагі знакавыя даты

На мінулым тыдні ў шэрагу ўстаноў культуры прайшлі мерапрыемствы з нагоды 100-гадовага юбілею Народнага мастака СССР і Героя Беларусі Міхаіла Савіцкага (1922 – 2010). Так, Шарашоўская гарпасялковая бібліятэка пазнаёміла вучняў дзіцячай школы мастацтваў з творчасцю знакамітага майстра і сумесна з цэнтрам культуры і вольнага часу правяла для школьнікаў вечарыну-ўспамін “Гісторыя жыцця ў палотнах”.

Урок мужнасці, на якім старшакласнікі бліжэй пазнаёміліся з творчасцю вядомага мастака, у прыватнасці цыкламі яго работ “Лічбы на сэрцы” і “Беларусь партызанская”, адбыўся ў Ружанскім цэнтры культуры і вольнага часу. Кляпацкі сельскі Дом культуры і бібліятэка запрасілі падлеткаў на тэматычную вечарыну “Жывыя палотны лёсу”. Інфармацыйную гадзіну “Сустрэча з творчасцю М.Савіцкага” змагла наведаць моладзь у Слабудскім сельскім Доме культуры. Мясцовыя жыхары паўдзельнічалі ў гадзіне памяці “Споведзь мужнасці і любові” ў Рудніцкім сельскім клубе-бібліятэцы.

Не застаўся па-за ўвагай Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У Слабудскім сельскім Доме культуры прайшла дзіцячая гадзіна “Афганістан – жывая памяць”. Шаняўскі сельскі клуб зладзіў тэматычную вечарыну “Песні – рэха афганскай вайны”. Прысутныя на мерапрыемстве не толькі даведаліся аб падзеях міжнароднага канфлікту канца ХХ ст., але і дакрануліся да пачуццёвага ўспрымання ваенных падзей праз вершы і музыку.

Ва ўстановах культуры таксама пачаліся мерапрыемствы да Дня абронцаў Айчыны. Белавусаўшчынскі сельскі Дом культуры сумесна з бібліятэкай арганізавалі для дзяцей конкурсна-гульнявую праграму “Цяжка ў вучэнні – лёгка ў баі”. А ў Шарашоўскім цэнтры культуры і вольнага часу з ўдзелам аматарскіх калектываў установы і Мураўскага сельскага Дома культуры адбыўся святочны канцэрт “З Днём абаронцаў Айчыны!”.

Сярод іншых цікавых спраў – пазнавальная гадзіна да Дня роднай мовы ў Кляпацкім сельскім Доме культуры, духоўная вечарына “Архіепіскам Флавіян (Дзмітрыюк)” у Рудніцкім сельскім клубе-бібліятэцы, выстава “Любячыя сэрцы” ў Слабудскім сельскім Доме культуры і выстава работ майстрыхі Ірыны Бушко “Свет захапленняў” у Сухопальскім сельскім клубе-бібліятэцы.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий