Навагодняе падарожжа ў Музландыю

Сярод навагодніх свят асаблівым для першакласнікаў Новазасімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў стала 10 студзеня. У гэты дзень самых маленькіх вучняў прынялі ў рады юных музыкантаў.

Свята пачалося вясёлай размінкай-знаёмствам, а затым «музычны цягнік» рушыў у падарожжа ў незвычайную краіну «Музландыя». На кожнай станцыі рабят чакала асаблівае выпрабаванне, якое завяршалася выступленнем першакласнікаў кожнай спецыяльнасці.

Дзяўчынкі і хлопчыкі пабывалі ў «песенным горадзе», дзе выканалі песню «7 нот» у суправаджэнні шумавых інструментаў. Таксама яны трапілі ў «Музычны магазін», дзе адгадалі тэматычныя загадкі. Весёлым стала наведванне «Музычнага заапарку». Няпростым аказаўся прыпынак «Пытаннева». На «Казачнай» станцыі дзеці назвалі знакі гучнасці і цішыні. Актыўнай была станцыя «Рытміца», дзе патрэбна было выконваць заданні пад музыку. На апошняй станцыі «Музландыя» першакласнікі расказалі вершы аб цудоўнай музычнай краіне  і выканалі навагоднюю песню.

Завяршылася ўрачыстасць уручэннем першакласнікам пасведчанняў юных музыкантаў, якое правяла дырэктар школы М.Л.Кузьміч. Яна таксама павіншавала хлопчыкаў і дзяўчынак з паспяховым выкананнем выпрабаванняў і завяршэннем першага паўгоддзя навучання ва ўстанове.

Прыгожае мерапрыемства надоўга застанецца ў памяці дзяцей, іх бацькоў і педагогаў.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий