Кіраўнік – Пропер Юлія Віктараўна
Год стварэння – 1982
Год прысваення звання – 1992

Станаўленне хору пачалося з 1982 г. у перыяд падрыхтоўкі святкавання 40-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Таццяна Мікалаеўна Місса, першы мастацкі кіраўнік хору, асабіста наведала многіх ветэранаў вайны, якія жыі ў горадзе і наваколлі, і запрасіла іх прыняць удзел у рабоце новага калектыву. На першы занятак прыйшло толькі 11 чалавек, на другі – 15. Паступова колькасць хору расла і на святкаванні 40-годдзя Перамогі ў 1985 г. выступіў калектыў, які складаўся з 31 удзельніка. Затым іх стала 44. Канцэртмайстарам хору з’яўлялася Ганна Іванаўна Траянава.

З натхнённым тварам, з баявымі ўзнагародамі на грудзях, прайшоўшы нялёгкі, але слаўны працоўны і баявы шлях, з юнацкай энергіяй і нестарэючым сэрцам, ветэраны выконвалі песні аб Радзіме, жыцці і Вялікай Айчыннай вайне.

Калектыў хору, дзякуючы вялікай творчай працы, заслужыў прызнанне слухачоў. Ён быў жаданым госцем не толькі на раённых і абласных канцэртах, але і ў Польшчы.

У жніўні 1988 г. новым кіраўніком хору ветэранаў стала Валянціна Антонаўна Каробка. Пры хоры яна стварыла акампаніруючую групу, у складзе якой музыканты выконвалі партыі на баяне, домры, кантрабасе, ударных інструментах.

Хор вёў актыўную канцэртную дзейнасць. Прымаў удзел у розных раённых і абласных фестывалях, конкурсах і канцэртах на Пружаншчыне і Брэстчыне, ладзіў творчыя сустрэчы з аналагічнымі харавымі калектывамі вобласці, Польшчы і Украіны.

1992 г. стаў знакавым для хора, які атрымаў званне «народны».

Калектыў пад кіраўніцтвам В.А.Каробка шмат разоў станавіўся лаўрэатам і пераможцам абласнога фестывалю «Неспакойныя сэрцы», у 2000 г. удзельнічаў у заключным канцэрце рэспубліканскага агладу-конкрсу у г.Мінск і выступаў на сцэне Дзяржаўнай філармоніі.

У 2009 – 2020 гг. кіраўніком народнага хору «Чырвоны гваздзік» з’яўлялася Святлана Аляксандраўна Машкала. Акампаніятарамі былі Вольга Краўчук і Ірына Гарустовіч.

З верасня 2020 г. кіраўніком з’яўляецца  Юлія Віктараўна Пропер.

Сёння народны хор «Чырвоны гваздзік» аб’ядноўвае людзей «залатога» ўзросту, улюбёных у песню, актыўных і неабыякавых да жыцця. Творчы ўзлёт, аптымізм і прага жыцця – крэда калектыву.

У рэпертуары хору больш за 40 песень аб каханні, Радзіме, прыродзе, працы і жыцці.

Харавы калектыў з’яўляецца носьбітам і захавальнікам патрыятычнай спадчыны ваенных часоў і песень савецкага перыяду. Удзельнікі хору далучаюцца да творча-выхаваўчай работы, наведваюць школы, сацыяльныя цэнтры, удзельнічаюць ў вечарынах адпачынку ветэранскіх клубаў раёна, на юбілейных святах землякоў, мастацкіх пленэрах і выставах. Народны хор ветэранаў вайны і працы «Чырвоны гваздзік» – жаданы госць на розных святах у горадзе, раёне, вобласці. Хор спявае на вячорках, народных святах, канцэртах-віншаваннях на даму, літаратурных вечарынах у бібліятэках.

Народны хор «Чырвоны гваздзік» – уладальнік Гран-пры рэгіянальнага свята-конкурсу вакальна-харавога мастацтва «Пеўчае поле» (г.Пружаны, 2021 г.), дыпламант ІІI ступені абласнога тура Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці «Не старэюць душой ветэраны» (г.Брэст, 2022 г., 2024 г.), дыпламант III ступені Рэспубліканскага многажанравага конкурса мастацтваў «Васільковы небасхіл» (г.Гродна, 2023г.), дыпламант II ступені рэгіянальнага свята-конкурсу вакальна-харавога мастацтва «Пеўчае поле» (г. Пружаны, 2023 г.).

Падзяліцца навіной: