Кіраўнік – Ідрысава Кацярына Іванаўна
Год стварэння – 1989
Год прысваення звання – 2002

За шматгадовы перыяд свайго існавання народны фальклорны гурт «Бабіна лета» развіваўся творча і прафесійна, набыў багаты рэпертуар, заслужыў павагу і прызнанне гледачоў.

Стваральнік і кіраўнік калектыва – Таццяна Піліпаўна Пушко, творчы і таленавіты чалавек. Яна тонка адчувала традыцыйную народную песню, вяла вялікую працу па адраджэнні абрадаў малой радзімы, цудоўна спявала і перадавала сваё майстэрства ўдзельнікам калектыва. З 2019 г. яна на заслужаным адпачынку.

Сёння гурт узначальвае Кацярына Іванаўна Ідрысава, якая на працягу многіх гадоў з’яўлялася яго ўдзельніцай. Яна ўважліва ставіцца да падбору рэпертуару, працягвае працу па зборы, захаванні і папулярызацыі мясцовых традыцый, народнай песні, абрадаў.

Гурт «Бабіна лета» вылучаецца асаблівай манерай выканання твораў, якая максімальна набліжана да аўтэнтычнага гучання народных песень. Адметнасць калектыву таксама надаюць касцюмы, зробленыя спявачкамі ў традыцыях строях мясцовага адзення.

Калектыў з’яўляецца носьбітам і захавальнікам атрыманых у спадчыну абрадавых святаў: Каляды, Вандраванне Віфлеемскай зоркі, Масленіца, Гуканне вясны, Юр’еўскі абрад «Абход поля», Вялікдзень, Тройца, Купалле, Жніво, Вяселле і інш.

Творчасць калектыву адлюстравана ў шэрагу тэлепраектаў: у перадачы «Край» паказаны абрады «Хрэсьбіны» і «Квашанне капусты» (тэлеканалы «Беларусь – 3» і «Беларусь – 4», 2016 г.), «Упрыгожванне каравая» («Беларусь – 3», 2017 г.); у перадачы «Наперад у мінулае» – абрад «Каляда-Калядзіца» («Беларусь – 4», 2016 г.), вясельныя абрады «Запарожнікі» і «Упрыгожванне каравая» (2020 г.); у перадачы «Адраджаем беларускую кухню разам з брэнд-шэфам Арцёмам Ракецкім» (2020 г.) удзельніцы калектыву паказалі прыгатаванне аўтэнтычных аранчыцкіх страў і інш.

Калектыў мае падзяку за зберажэнне традыцыйнай мастацкай культуры свайго рэгіёна і за ўдзел ў абласным этнаканцэрце «Радзіны» з цыклу «Рух зямлі». На мерапрыемстве «Спеўны сход» (г.Брэст, 2017 г.) удзельнікі гурту «Бабіна лета» далі майстар-клас па выкананні беларускіх фальклорных песень.

Удзельнікі калектыву ладзяць этнаграфічныя экспедыцыі па зборы прадметаў побыту, запісваюць мясцовы фальклор.

Гурт «Бабіна лета» ўдзельнічае ў раённых мерапрыемствах, абласных і рэспубліканскіх фестывалях і конкурсах, семінарах, майстар-классах. Гурт неаднаразова выступаў ў Рэспубліцы Польша.

Па выніках 2016 г. народны фальклорны гурт «Бабіна лета» быў занесены на Дошку гонару Пружанскага раёна і атрымаў Ганаровы вымпел як лепшы калектыў аматарскай творчасці раёна.

Народны фальклорны гурт «Бабіна лета» адзначаны: Дыпломам лаурэата ІІ ступені Адкрытага рэгіянальнага свята-конкурса «Пеўчае поле» (г.Пружаны, 2023), Гран-пры XXІІІ раённага свяца фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных» (г.Ляхавічы, 2024).

Падзяліцца навіной: