Народнаму камернаму хору – 30 год!

19 лістапада ў дзяржаўнай установе адукацыі «Дзіцячая школа мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны» адбыўся ўрачысты канцэрт, прысвечаны 30-гаддзю з часу прысваення звання «народны» камернаму хору.

Гісторыя калектыву пачалася ў 1989 г. з царкоўнага хору, калі склаўся творчы тандэм рэгента сабора Аляксандра Неўскага Таццяны Уладзіміраўны Матусевіч і настаўніцы дзіцячай школы мастацтваў Марыяны Глебаўны Драбышэўскай. Абодва прафесіяналы сфарміравалі аснову спеўнага калектыву, які выконваў у храме рэлігійныя творы.

У кастрычніку 1992 г. у Пружанскай дзіцячай школе мастацтваў імя Р.Р.Шырмы пачаў працаваць Аляксандр Андрэевіч Драбышэўскі, які пры падтрымцы дырэктара ўстановы адукацыі Якава Сямёнавіча Малайчука стварыў хор настаўнікаў. Аснову репертуару новага хору складалі свецкія творы, народныя песні, духоўная музыка, а галоўнай мэтай была падрыхтоўка да агляду творчасці выкладчыкаў навучальных устаноў у сферы культуры.

У гэты ж час царкоўны хор, у якім спявала шмат педагогаў, застаўся без рэгента. Па блаславенні настяцеля сабора Іосіфа Балюка Аляксандр і Марыяна Драбышэўскія сталі працаваць з хорам сабора. Пад іх кіраўніцтвам маладзёжны склад храмавага хору склаў на нядзельных службах так званы «правы» клірас.

Вясной 1993 г. Аляксандр Драбышэўскі, які ўзначальваў абодва хоры, аб’яднаў іх у адзін. Па складзе выканальнікаў, музычных і тэхнічных магчымасцях калектыў адпавядаў камернаму хору. Паступова рэпертуар пашырыўся. Сінтэз царкоўных і свецкіх спеваў дазволіў глыбей спазнаць і адлюстраваць духоўную сутнасць харавой музыкі, адушавіць харавыя партытуры і ўзняць на больш высокі ўзровень тэхніку выканання.  За 11 год пад кіраўніцтвам Драбышэўскіх адбылося больш за 185 выступленняў на канцэртах, фестывалях і конкурсах у Беларусі і Польшчы, у праваслаўных прыходах.

Увосень 1993 г. па прапанове дырэктара Дома культуры Васіля Іванавіча Курачынскага і падтрымцы начальніка аддзела культуры райвыканкама Юрыя Міхайлавіча Котава хор стаў працаваць пры гарадскім Доме культуры. 22 жніўня 1994 г. камерны хор атрымаў званне «народны».

Пасля пераезду з Пружан сям’і Драбышэўскіх, хор ізноў застаўся без дырыжора і хармейсцера. Каб захаваць калектыў і яго багаты рэпертуар,  хор узначаліў дырэктар Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў Якаў Семёнавіч Малайчук, які працаваў і спяваў у ім з часу стварэння.

Якаў Семёнавіч не толькі захаваў лепшыя напрацоўкі калектыву, але і надаў яму новы стымул для развіцця. Праца ўмелага і творчага кіраўніка ўстановы адукацыі і народнага камернага хору была адзначана шматлікімі ўзнагародамі – граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, Пружанскага райвыканкама і інш. У 1999 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За асаблівыя заслугі ў галіне культуры і мастацтва» Я.С.Малайчук быў узнагароджаны медалём «Францыска Скарыны».

Прадоўжыла лепшыя традыцыі папярэднікаў Ірына Анатольеўна Буланькова, выпускніца Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў, вучаніца Марыяны і Аляксандра Драбышэўскіх і Якава Малайчука, якая з 2005 г. з’яўляецца кіраўніком творчага калектыву.

Падчас юбілейнага канцэрту ў выкананні хору прагучалі музычныя творы: «Люблю наш край», «Под твою милость», трапар іконе Божай Маці «Всецарица», «Alleluia», «Вьюн над водой», «Два полі», «Баллада о двух казаках», «Стары дзед надумаў» і інш. З музычнымі падарункамі таксама выступілі творчыя калектывы дзіцячай школы мастацтваў – вакальны ансамбль малодшых класаў, узорны хор «Вітанак», дуэт Яраслава Топчага і Віктара Матчэні.

Павіншаваў і ўручыў граматы ўдзельнікам і ветэранам хору начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Іванавіч Панімаш і дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Юлія Анатольеўна Сядова. Шмат цёплых слоў і падарункаў было ад Ігара Мрыхіна, настаяцеля храма Праабражэння Гасподня.

Трыццать год хору – гэта значны этап. Народны камерны хор – выдатны музычны калектыў, шлях якога адзначаны пастаянным удасканальваннем, нястомным пошукам і новымі адкрыццямі.

Жадаем народнаму камернаму хору дзяржаўнай установы адукацыі «Дзіцячая школа мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны» творчага даўгалецця, натхнення і новых дасягненняў! Чакаем новых канцэртаў і ўзнагарод!

Добавить комментарий