Музейныя практыкі: ад захавання да ўключэння

З 29 верасня па 5 кастрычніка Камітэт па знешніх сувязях Санкт-Пецярбурга сумесна з Дзяржаўным музеем палітычнай гісторыі Расіі арганізаваў праграму прафесійнага развіцця для супрацоўнікаў музеяў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў пад назвай “Музейныя практыкі: ад захавання да ўключэння”. Такі прадстаўнічы форум праводзіўся ўпершыню.

Спецыялісты вядучых музеяў Санкт-Пецярбурга правялі цыкл насычаных карыснай і цікавай інфармацыяй мерапрыемстваў, падчас якіх удзельнікі праграмы пазнаёміліся з асаблівасцямі і навацыямі ў фондавай, экспазіцыйнай, навукова-асветніцкай і культурна-адукацыйнай дзейнасці. Праграма прафесійнага развіцця для музейных работнікаў уключала не толькі лекцыі, майстар-класы, практычныя заняткі, круглыя сталы, экскурсіі, але і дазволіла калегам з розных краін падзяліцца вопытам работы музеяў рознага профілю. Удзельнікі праграмы павысілі свой прафесійны ўзровень і паўдзельнічалі ў распрацоўцы стратэгій развіцця музеяў як важнага інструмента захавання гістарычнай памяці.

У міжнароднай праграме прафесійнага развіцця “Музейныя практыкі: ад захавання да ўключэня” прынялі ўдзел 32 прадстаўнікі з 21 музея Расіі, Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана, якія загадзя прайшлі конкурсны адбор. Сярод ўдзельнікаў гэтага сур’ёзнага прафесійнага мерапрыемства была дырэктар Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў Алена Кубарка.

Добавить комментарий