4 сакавіка ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адкрылася фотадакументальная выстава «Генацыд на Пружаншчыне: па матэрыялах расследавання». Яна стала своеасаблівым прамежкавым вынікам работы пракуратуры Пружанскага раёна, Пружанскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і аддзела культуры райвыканкама па вывучэнні фактаў злачынстваў фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых у гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд (у рамках узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь крымінальнай справы).
Адкрыла выставу дырэктар музея Ангеліна Маруфенка, якая адзначыла важную ролю ўстановы ў захаванні праўдзівых звестак аб мінулым.
З прывітальным словам выступіў начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш. Ён расказаў аб мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і мірных жыхароў – ахвяр ваеннага ліхалецця, а таксама адзначыў неабходнасць вядзення такой работы дзеля недапушчэння фальсіфікацыі падзей і вынікаў вайны.
Падрабязна на рабоце па расследаванні фактаў генацыду на тэрыторыі Пружаншчыны спыніўся пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі. Ён адзначыў, што падчас сумеснай працы адбыліся выезды на месцы злачынстваў, былі дапрошаны сведкі, знойдзены дакументы і інш. Таксама ўдалося пацвердзіць шматлікія факты знішчэння людзей, аб якіх было вядома раней, і выявіць новыя сведчанні супрацьзаконных дзеянняў фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі раёна. На сённяшні дзень ўжо ўдалося ўстанавіць месцы прымусовага ўтрымання ваеннапалонных, масавага знішчэння насельніцтва, гета, а таксама 134 спаленыя населеныя пункты, 43 з якіх не аднавіліся.
Некаторыя аспекты дзейнасці па зборы інфармацыі аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны асвятліла галоўны спецыяліст аддзела культуры Наталля Пракаповіч, якая таксама правяла экскурсію па выставе.
Найбольш эмацыянальнай часткай сустрэчы стаў аповед Соф’і Сяргееўны Карпей – былога малалетняга вязня канцлагера «Азарычы». Яна расказала аб страшным ваенным дзяцінстве, горы і пакутах, якія выдаліся на долю яе сям’і. Соф’я Сяргееўна звярнула ўвагу на неабходнасць захавання міру і праўды аб падзеях, якія перажыў беларускі народ.
На адкрыцці выставы прысутнічалі вучні Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, прадстаўнікі грамадскасці.
Выстава «Генацыд на Пружаншчыне: па матэрыялах расследавання», складаецца са шматлікіх фотаздымкаў, копій архіўных дакументаў, успамінаў відавочцаў, артыкулаў з друкаваных выданняў, кніг, матэрыялаў з сеткі Інтэрнет, прадметаў з фондаў музея. Яна будзе працаваць у «Пружанскім палацыку» на працягу сакавіка – мая 2022 года.