На юбілейным мерапрыемстве з нагоды 85-годдзя стварэння Пружанскага раёна, якое 18 студзеня адбылося ў Палацы культуры, было шмат прыемных падзей. Сярод іх – узнагароджанне заслужаных людзей, якім рашэннем Пружанскага раённага Савета дэпутатаў ад 9 снежня 2024 г. № 29 было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна”.
За значны ўклад у захаванне, адраджэнне і папулярызацыю традыцыйнай беларускай культуры такое званне было нанадзена Марыі Мікалаеўне Кулецкай, ураджэнцы в.Навасёлкі Пружанскага раёна, Народнаму майстру Рэспублікі Беларусь. Гэта ўжо другі прадстаўнік сферы культуры Пружаншчыны, які атрымаў такую пашану (у 2021 г. званне атрымала Іраіда Вітальеўна Багамолава).
Марыю Кулецкую добра ведаюць у Беларусі і за яе межамі як творчага чалавека, носьбіта нацыянальнай культурнай спадчыны. Менавіта з яе імем звязана адраджэнне ўнікальнага віда дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – “роспіс на шкле”.
Віншуем, шаноўная Марыя Мікалаеўна! Ганарымся і жадаем творчага натхнення і здароўя!