Працягваюцца святочныя навагоднія мерапрыемствы, якія прыносяць многа радасці і шчасця як дзецям, так і дарослым.
Ліноўскі сельскі Дом культуры зладзіў для мясцовых жыхароў навагоднюю вечарыну “Праводзім стары год”, падчас якой гучалі вясёлыя песні і жарты, гумарыстычныя нумары і танцы. Мерапрыемства падаравала ўсім святочны настрой і пазітыў. А на навагоднім ранішніку “Прыгоды каля ёлкі” дзеці сустрэліся з Дзедам Марозам і казачнымі героямі, атрымалі доўгачаканыя падарункі.
Сапраўдныя прыгоды каля лясной прыгажуні чакалі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыйшлі на ранішнікі ў Слабудскі сельскі Дом культуры і Сухопальскі сельскі клуб-бібліятэку. Было шмат прыгожых касцюмаў, забаў, песень і музыкі.
Старавольскі сельскі Дом культуры парадаваў дзяцей пастаноўкай “Снежная каралева”. У дзействе, якое разгарнулася каля ёлкі, удзельнічалі не толькі самадзейныя артысты, але і ўсе прысутныя – яны вадзілі карагоды, спявалі, чыталі вершы.
Тэатралізаванае прадстаўленне “Навагоднія цуды” па матывах мультфільма “Клад” здзейсніў Мураўскі сельскі Дом культуры. Разам з мультгероямі дзеці прымалі ўдзел у гульнях і спаборніцтвах. Напрыкацы мерапрыемства Дзед Мароз і Снягурка падаравалі рабятам салодкія пачастункі. Спонсарам свята выстуіпіла ААТ “Мурава”.
Навагоднюю сюжэтна-гульнявую праграму “Зімовыя забавы” арганізавалі Белавусаўшчынскі сельскі Дом культуры і сельская бібліятэка. Маленькія ўдзельнікі свята танцавалі каля ёлкі, далучаліся да цікавых і забаўляльных конкурсаў, расказвалі вершы і шчыра сустракалі Дзеда Мароза і Снягурку, якія прыйшлі на свята з падарункамі.
Супрацоўнікі Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Засіма напярэдадні навагодніх свят запрасілі на гульнявую праграму “Кніжкіны забавы” выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Дзеці цікава і карысна правялі час, ніхто з іх не застаўся без прызоў.
Работнікі культуры разам з Пружанскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў рамках акцыі “Нашы дзеці” арганізавалі індывідуальныя навагоднія віншаванні дзяцей-інвалідаў. Так, аўтаклуб адправіўся па адрасах у г.Пружаны, а Ружанскі цэнтр культуры і вольнага часу – у г.п.Ружаны. Яны прынеслі дзецям незабыўнае свята.
Шарашоўскі цэнтр культуры і вольнага часу разам з в.а. старшыні сельвыканкама С.А.Амяльянец павіншаваў з надыходзячым Новым годам дзяцей-інвалідаў і пацыентаў бальніцы ў гарадскім пасёлку. Калектывы аматарскай творчасці зладзілі для шарашоўцаў пераднавагодні канцэрт. Для гледачоў гучалі песні, якія выклікалі прыемныя ўспаміны аб святкаванні Новага года ў савецкі час. Сустрэча прайшла ў цёплай і ўтульнай атмасферы.
З відэавіншаваннем звярнуўся Калядзіцкі сельскі Дом культуры. Глядзець тут.
Марафон навагодніх спраў на Пружаншчыне працягваецца.