Любі і ведай родны край

28 лістапада ў Новазасімавіцкай дзіцячай школе мастацтваў прайшло мерапрыемства “Родны свой край любі і ведай”, прысвечанае 85-годдю Пружанскага раёна і Брэсцкай вобласці. 

Гледачы даведаліся шмат цікавага пра родную зямлю: як узнікла назва горада, адкуль паходзіць яго герб, пачулі гімн Пружан. Асобная частка вечарыны была прысвечана прыродным аб’ектам, славутым помнікам гісторыі і культуры.

Настаўнік Д.У.Пазняк, якая вяла мерапрыемства, таксама пазнаёміла прысутных з вядомымі асобамі мінулага і сучаснасці – кампазітарам і фалькларыстам Рыгорам Шырмам, паэтам Міколам Засімам, спеваком Міхасём Забэйда-Суміцкім, мастаком Уладзімірам Крываблоцкім, народным майстрам Беларусі Марыяй Кулецкай і іншымі землякамі.

Дзеці і дарослыя не толькі пачулі шмат каштоўнай інфармацыі, але і ўбачылі змястоўную прэзентацыю, якая праілюстравала аповед вядучага. Падчас вечарыны гучала шмат добрай музыкі, вершаў і песень.

Добавить комментарий