Традыцыйная кухня Пружанскага раёна дзіўная і разнастайная – гэта спадчына, якую пакінулі продкі. Кулінарыя нашага рэгіёна складвалася на працягу многіх стагоддзяў, яна мае сваю гісторыю і ўнікальныя асаблівасці. Гэты пласт мінулага неабходна захаваць, зберагчы і перадаць будучым пакаленням.
У Беларусі кажуць, што бульба – гэта “другі хлеб”. І сапраўды, у нашай нацыянальнай кухні ёсць мноства страў з бульбы. Але самымі папулярнымі сярод іх з’яўляюцца дранікі ці бульбяныя аладкі.
Для вывучэння традыцыйных рэцэптаў прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў на Пружаншчыне работнікі Навасёлкаўскага, Ліноўскага, Мураўскага, Шчарчоўскага, Вялікасельскага, Роўбіцкага сельскіх Дамоў культуры і Пружанскага гарадскога Палаца культуры зладілі шэраг фальклорных экспедыцый ў вёскі раёна. Гаспадыні не толькі падзяліліся з работнікамі культуры сакрэтамі прыгатавання дранікаў, але і паказалі майстар-класы па прыгатаванні гэтай смачнай стравы.
У кожнага кухара існуюць свае асаблівыя кулінарныя сакрэты прыгатавання дранікаў. Некаторыя рэцэпты перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Так, Галіна Чарапенька з в.Аранчыцы гатавала “Аладкі з лісічкамі ў смятане”, Алена Крупская з аг.Лінова – “Картапляныя аладкі на дражджах”. Удзельніцы народнага фальклорнага гурта “Бабіна лета” Валянціна Бартынёва, Алена Антончык і Любоў Андрусевіч падзяліліся сваімі рэцэптамі выпякання бабкі і дранікаў.
Удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Смаляначка” Навасёлакаўскага сельскага Дома культуры Людміла Яроцкая і Анатоль Харытановіч выпякалі аладкі з бульбы ў вясковай хаце на адкрытым агні на пліце.
Людміла Шчарбук з аг.Вялікае Сяло і Лідзія Папко з в.Брады гатавалі свае асаблівыя дранікі.
Алена Рабчук з в.Навасёлкі (Сухопальскі сельсавет) расказала, што ў іх сям’і прыгатаванне дранікаў пачыналася ў субботу. Бульбу націралі з вечара, а потым засыпалі зверху мукой. Раніцай муку збіралі, з часткі пяклі бабку, а з астатняга – аладкі.
Цікава расказала пра гісторыю дранікаў, а затым правяла майстар-класс па іх выпяканні Алена Раманоўская з аг.Роўбіцк.
Падзялілася сваім рэцэптам дранікаў Еўдакія Клімашэвіч з аг.Кабылаўка, якой у наступным годзе споўніца 100 гадоў. Зараз яна жыве ў г.Пружаны ў сваёй дачкі Народнага майстра Беларусі Марыі Кулецкай. Жанчына гатуе дранікі з крупой сачыўкі (чечевицы).
Аснова традыцыйных дранікаў на Пружаншчыне – бульба, цыбуля, соль, тлушч ці алей для смажання.
Вельмі важна, як падаць страву, напрыклад, у гаршчэчках. Для гэтага да гатовых дранікаў дадаюць смажаную цыбулю, моркву, грыбы, свойскія каўбаскі і вяршкі, а тушаць у печы або духоўцы. Але найлепшым дапаўненнем да гарачых бульбяных бліноў з’яўляецца свежая свойская смятана, што з’яўляецца самым знакамітым варыянтам падачы дранікаў. Акрамя таго, дранікі ўжывалі з мачанкай, маслам, смажанымі скваркамі з цыбуляй, халодным малаком.
У класічных драніках не выкарыстоўваліся мука або яйкі ў якасці злучальнага інгрэдыенту. Калі цеста рэдкае, у гаспадынь існаваў сакрэт, – зліць з “надранай” бульбы крыху вадкасці, а потым дадаць у цеста крухмал, які асеў на дне ёмістасці. Зрэшты гаспадыня заўжды можа пафантазіраваць і на свой густ змяніць класічны рэцэпт дранікаў, дадаўшы ў цеста яйкі, муку, спецыі і іншыя інгрэдыенты.