Бібліятэкары праводзяць вялікую работу па духоўным выхаванні моладзі, папулярызаці здаровага ладу жыцця.
Кляпацкая сельская бібліятэка запрасіла школьнікаў на гадзіну духоўнасці, у якой прыняў удзел настаяцель храма прападобнага Сергія Раданежскага Аляксандр Сень. Тэмай размовы сталі духоўныя каштоўнасці – аснова жыцця чалавека і грамадства.
Выхаванню патрыятызму садзейнічала гульня-падарожжа «Беларусь у маім сэрцы», якая адбылася ў Навасёлкаўскай сельскай бібліятэцы.
Круглы стол «Вырвіся з тытунёвага дыму» з цыклу «ЗЛЖ – шлях да здароўя» з удзелам старшакласнікаў прайшоў у Ліноўскай сельскай бібліятэцы. Рабяты даведаліся аб з’яўленні тытунепалення і яго ўплыве на здароўе чалавека. Юнакі і дзяўчаты абмеркавалі ўрыўкі з твораў, адказалі на пытанні віктарыны, стварылі антырэкламу тытунёвым вырабам. Да мерапрыемства была аформлена кніжная паліца «Паліць не модна».
Аб шкодзе палення разважалі таксама ў Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма. Для вучняў аграрна-тэхнічнага каледжа адбылася пазнавальная гадзіна «У горкім дыме цыгарэтным». А вучні сярэдняй школы № 5 завіталі ў раённую бібліятэку, каб даведацца аб спартыўным жыцці Пружаншчыны і спартсменах, якія пачыналі свой шлях да высокіх дасягненняў у нашым раёне.
Бібліятэкары дзіцяча-юнацкага аддзела цэнтральнай раённай бібліятэкі завіталі да рабят, якія наведваюць Пружанскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі». Для хлопчыкаў і дзяўчынак была праведзена гадзіна «У гародзе ў доктара Айбаліта», падчас якой размова ішла аб карыснай садавіне і гародніне.