Менавіта такую назву носіць выстава, якая 9 лютага 2022 года адкрылася ў музеі-сядзібе “Пружанкі палацык”. Яна прысвечана Году гістарычнай памяці і з’яўляецца напамінам аб жудасных падзеях Вялікай Айчыннай вайны.
У выставачнай зале “палацыка” прадстаўлены экспанаты з фондаў музея – графічныя работы з цыклу твораў “Яўрэйскія дзеці” сусветна вядомага ізраільскага мастака ўраджэнца г.Бяроза Мошэ Бярнштэйна (1920 – 2006). Гэта своеасаблівы цяжкі ўспамін аўтара аб яўрэйскім мястэчку, яго жыцці і культуры, якая знікла назаўсёды, людзях, пакутніцкі загінуўшых у час Халакосту, выкрадзеным дзяцінстве і душэўным болі аб родных і незнаёмых людзях – ахвярах фашысцкага рэжыму.
Экспанаты, якія можна ўбачыць на выставе, былі падораны музею ураджэнцам Пружан грамадзянінам Ізраіля Аўраамам Харшаломам (Фрыдбергам), які перажыў страшныя гады зняволення ў мясцовым гета і фашысцкіх канцлагерах (Асвенцым, Заксенхаузен, Бухенвальд).
Выстава “Дзіцячы погляд з вечнасці” будзе працаваць у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” на працягу года. На яе адкрыцці прысутнічалі пракурор Пружанскага раёна Аляксандр Вярбіцкі, які расказаў аб расследаванні фактаў генацыду на тэрыторы раёна, начальнік аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш, вучні прававога класа сярэдняй школы № 5 і інш. Падчас мерапрыемства таксама выступіла галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Наталля Пракаповіч, якая адзначыла важнасць захавання гістарычнай праўды і памяці.