11 лістапада 1918 г. завяршыліся баявыя дзеянні Першай сусветнай вайны. Гэта вайна стала рубежным этапам гісторыі, першым глабальным канфліктам у жыцці чалавецтва, у якім удзельнічала 38 дзяржаў. Яна працягвалася больш за 4 гады, забрала жыцці 10 млн. людзей, 20 млн. аставіла параненымі і знявечанымі.
Сусветная вайна поўнасцю змяніла жыццё. Яна выклікала рэвалюцыі ў Расіі і Германіі. Знішчыла вялікія імперыі – Расійскую, Германскую, Аўстра-Венгерскую, Асманскую, на рэштках якіх узніклі многія сучасныя дзяржавы, прывяла да змен у масавай свядомасці, сацыяльных адносінах, навуцы і тэхніцы і інш.
Тэрыторыя Беларусі стала арэнай баёў у 1915 г. Да пачатку 1919 г. значная частка яе зямель была акупіравана, астатняя – з’яўлялася прыфрантавой зонай. Вайна разбурыла гаспадарку, выклікала масавае бежанства, у якое адправіліся каля 2 млн. жыхароў. У расійскую армію было прызвана 900 тыс. чал. (70 тыс. загінулі). Памерла 60 тыс. мірных жыхароў, 50 тыс. былі вывезены на прымусовыя работы.
Буйныя баявыя дзеянні на Пружаншчыне вяліся ў жніўні – верасні 1915 г. і лютым 1918 г.
Да сённяшняга дня можна знайсці сведчанні канфлікта больш чым 100-гадовай даўніны. Найперш, гэта вайсковыя могілкі.
На дзяржаўным ўліку сёння знаходзяцца масавыя пахаванні Першай сусветнай вайны ў г.Пружаны і г.п.Ружаны. Тут знайшлі прытулак ахвяры вайны розных армій – нямецкай, аўстрыйскай і расійскай. Знешні выгляд помнікаў захаваўся з 1930-х гг., калі па патрабаванні міжнародных арганізацый праводзілася іх добраўпарадкаванне.
На вайсковых могілках у Пружанах сёння знаходзіцца больш за 240 бетонных пліт-крыжоў, у Ружанах – 150, на якіх яшчэ можна прачытаць звесткі аб загінуўшых. Вайсковыя могілкі замежных ваеннаслужачых ахоўваюцца дзяржавай.
Вайна – гэта гуманітарная катастрофа, але памятаць аб ёй неабходна, каб ісці па шляху міру.