31 жніўня – 1 верасня ў г.Івацэвічы адбылася знакавая рэспубліканская падзея – Дзень беларускага пісьменства. Свята адзначалася ў нашай краіне ўжо ў 31 раз і было насычана разнастайнымі культурна-асветніцкімі мерапрыемствамі і праектамі.
У райцэнтры, які набыў асабліва прыгожае аблічча, разгарнуліся шматлікія пляцоўкі, дзе кожны наведвальнік мог знайсці цікавыя і карысныя заняткі. У рамках свята адбыліся рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Івацэвіцкія чытанні”, Фестываль кнігі і прэсы, працавалі тэматычныя пляцоўкі, падрыхтаваныя Нацыянальнай і рэгіянальнымі бібліятэкамі Беларусі, вядучымі музеямі рэспублікі, кінастудыяй “Беларусьфільм”, грамадскімі аб’яднаннямі, майстрамі народнай творчасці і інш. Аматары прыгожага слова сустрэліся з вядомымі беларускімі пісьменнікамі і артыстамі, пазнаёміліся з выставай работ мастакоў вобласці і інш. Падчас Дня беларускага пісьменства былі ўзнагароджаны пераможцы прэстыжных літаратурных і журналісцкіх конкурсаў, адбыліся шмалікія канцэрты і ўрачыстасці.
Дзень беларускага пісьменства ў Івацэвічах наведала дэлегацыя Пружаншчыны, у складзе якой былі прадстаўнікі сферы культуры раёна.