Новы год – гэта казка, радасць, чараўніцтва! Менавіта таму заключны занятак па сальфеджыо для першакласнікаў Новазасімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў прайшоў пад назвай “Дванаццаць чароўных гадзін”.
Святочны настрой адчуваўся ва ўсім – упрыгажэнні класа, касцюмах вучняў, песнях, вершах і віншаваннях. Занятак суправаджала чароўная музыка, мігаценне гірлянд і рознакаляровых зорачак.
Шмат нечаканага было на гэтым уроку. Найперш, гэта музычны гадзіннік, на якім стрэлкі паказвалі не час, а розныя музычныя знакі, якія рабяты паспяхова пазнавалі. Кожная “гадзіна” занятку называлася па-рознаму і чаргавала заданні, як у навагоднім калейдаскопе. Сярод “чароўных гадзін”, напрыклад, былі: “прыгожая”, падчас якой рабяты ўпрыгожвалі ёлку і спявалі вядомую песеньку “Маленькой ёлочке холодно зимой” пад акампанемет Дыяны Ялканавай; “мастацкая” – першакласнікі паказвалі правільнасць напісання музычных знакаў; “спартыўная” – вучні выканалі “зарадку музычнага гука” пад кіраўніцтвам Юліі Шукалюк; “рытмічная” – дапамагалі далонямі “пасажырам” рытмічнага цягніка ехаць на ёлку і лавілі рытмічную “сняжынку”; “загадкавая” – адказвалі на музычныя загадкі і рэбусы, выконвалі “фокусы” з нотамі і інш.
Дзеці з захапленнем пазнавалі жанравыя асаблівасці твораў, якія выконвала настаўнік Л.М.Філімовіч, расказвалі, як патрэбна займацца музыкай і спевамі. Першакласнікі падрыхтавалі сваім настаўнікам новагоднія “гадзіннікі-паштоўкі” з добрымі пажаданнямі.
У канцы ўрока вучні і педагогі, якія прысутнічалі на занятку, разам выканалі вядомую песню “В лесу родилась ёлочка”.
Незвычайныя “Дванаццаць чароўных гадзін” сталі сапраўным святам і застануцца ў памяці надоўга.