Бібліяпрыцемкі ў “Коле часу”

20 верасня Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Засіма ў чарговы раз запрасіла сваіх чытачоў на бібліяпрыцемкі “Кола часу”, якія былі прысвечаны 85-годдзю Брэсцкай вобласці.

Спачатку ўсіх гасцей мерапрыемства прывітала намеснік дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Аляксеева.

Асаблівы настрой святу задаў ўзорны ансамбль народнага танца “Круцёлачкі” Пружанскага гарадскога Палаца культуры, які адкрыў праграму вечарыны.

Прадоўжылася мерапрыемства на другім паверсе бібліятэкі, дзе прайшла віктарына-падарожжа “Брэстчына вядомая і невядомая”. Вядучыя пазнаёмілі прысутных з самымі цікавымі старонкамі жыцця вобласці, успомнілі гісторыю Брэсцкай крэпасці, жывёльны і раслінны свет першага регіёна, яго архітэктурную спадчыну. Таксама ўсе жадаючыя змаглі прыняць удзел у гісторыка-краязнаўчым квэсце “Брэстчына гістарычная”.

На працягу бібліявечарыны госці знаёміліся з новымі кніжнымі выставамі. На адной з іх – “#1рэгіён. 85 год” – была прадстаўлена літаратура аб усіх раёнах вобласці. Цікавасць у прысутных выклікала выстава “Кнігі-доўгажыхары нашай бібліятэкі”, дарэчы, самым старым выданнем была кніга 1935 года. Ужо традыцыйнай для бібліяпрыцемкаў стала акцыя “Запішыся ў бібліятэку”.

На свяце таксама можна было ўбачыць работы народнага майстра Беларусі Марыі Кулецкай і ўдзельніцы студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Вытокі” гарадскога Палаца культуры Ксеніі Купрэевай.

Завяршыліся бібліяпрыцемкі літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Мой родны край – мой гонар”. У ёй прынялі ўдзел фальклорны ансамбль “Паўлінка” дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны, вакальны клуб “Мелодыя душы” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, узорная эстрадная студыя “Меладзін” і  ўзорны ансамбль народнага танца “Круцёлачкі” гарадскога Палаца культуры.

Добавить комментарий