29 кастрычніка 2021 года ў Новазасімавіцкай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся сход для бацькоў вучняў першага класа на тэму “Специфика занятий учащихся в детской школе искусств и родительский контроль”.
Падчас сустрэчы дырэктар установы Марына Леанідаўна Кузьміч адзначыла, што мэта настаўнікаў школы – не толькі навучыць дзяцей іграць на музычных інструментах, але і выхаваць у іх любоў да музыкі, мастацтва, прывіць пачуццё адказнасці, а таксама навучыць прыносіць дабро і радасць людзям. Школа ўдзяляе вялікую ўвагу кожнаму дзіцяці, дае яму магчымасць праявіць сябе на сцэне як салісту ці ў ансамблі, харавым калектыве. Дырэктар асабліва падкрэсліла, што ў гэтай справе таксама вялікая роля належыць бацькам, якія павінны падтрымліваць сваіх дзяцей і сумесна з настаўнікамі садзейнічаць іх усебаковаму развіццю.
Нягледзячы на даволі невялікі адрэзак часу, першакласнікі ўжо атрымалі пэўныя веды. Гэта было прадэманстравана настаўнікам музычна-тэарэтычных дысцыплін Ліліяй Мікалаеўнай Філімовіч, якая паказала бацькам розныя работы вучняў, якія яны выканалі на ўроках сальфеджыо.
Бацькі і настаўнікі абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў.