27 лістапада ўдзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Смаляначка” Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры сабраліся, каб паказаць абрад “Запускі”. На вечарыну былі запрошаны жыхары і госці аг.Кабылаўка.
Гэты абрад быў фактычна адроджаны калектывам, які сабраў звесткі аб ім падчас фальклорных экспедыцый у в.Смаляніца Пружанскага раёна.
“Запускі” праходзілі ў пачатку Піліпаўскага посту. Людзі збіраліся на вячоркі, займаліся рукадзеллем, спявалі, танцавалі. Але галоўным дзеяннем было катанне каменьчыка. Кожная жанчына, ідучы на вячоркі, загадзя клала каменьчык каля ганка, а потым каціла яго праз усю хату да покуці, прыгаворваючы свае пажаданні дабрабыту, здароў’я і божай ласкі ў хату і сям’ю на ўвесь год.
Госці мерапрыемства не толькі ўбачылі гэты цікавы мясцовы абрад, але і змаглі ў ім паўдзельнічаць: спявалі песні, танцавалі “Падэспань”, “Кракавяк” і “Польку тройкамі”.