На працягу тыдня у бібліятэках Пружанскага раёна прайшоў шэраг цікавых спраў, адкрыліся новыя выставы.
Так, 5 лютага ў Ліноўскай сельскай бібліятэцы адбылася гульнявая праграма “Прыгоды на балоце” з цыклу мерапрыемстваў “Я з кнігай адкрываю свет”. Рабят сустрэла Пачвара Балотаўна, якая расказала аб сваім месцы жыхарства і прапанавала па ім пагуляць. Падчас падарожжа дзеці выконвалі розныя заданні і даведаліся шмат цікавага аб балотах. Хлопчыкі і дзяўчынкі разгадвалі загадкі, глядзелі ўрыўкі з мультфільмаў, а таксама знаёміліся з правіламі паводзін і кнігамі па тэме. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная паліца “Балоты – багацці нашай Радзімы”.
У раённай дзіцячай бібліятэцы імя А.Лось для вучняў пачатковых класаў гімназіі прайшла літаратурна-пазнавальная гульня “Дружба – гэта я і ты”. Рабяты разам з Шапакляк адправіліся на пошукі краіны “Дружба”. Яны спявалі песні, адгадвалі загадкі, адказвалі на нестандартныя пытанні.
У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма працуе кніжная выстава, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння славутага земляка Рыгора Шырмы. Таксама бібліятэка працягвае знаёміць наведвальнікаў з творчасцю чытачоў і сваіх супрацоўнікаў – запрашае на выставы вышыўкі Валянціны Чарнякевіч і фотапейзажаў Уладзіслава Ягорава. Як аказалася, памятныя даты бываюць не толькі ў людзей, але і кніг. Менавіта такім незвычайным падзеям прысвечана выстава “І ў кніг бываюць юбілеі”. Да Міжнароднага дня памяці ахвар Халакосту і Года гістарычнай памяці ў бібліятэцы прадстаўлена тэматычная выстава, на якой можна ўбачыць шэраг матэрыялаў, у тым ліку рэпрадукцыі работ Народнага мастака БССР Міхала Савіцкага з цыклу “Лічбы на сэрцы”. Году гістарычнай памяці таксама прысвечана кніжная выстава “Наша гісторыя – наш гонар”.
Запрашаем у бібліятэкі Пружанскага раёна, каб адкрыць свет разам з кнігай!