Штогод у першую нядзелю жніўня каля пахавання ахвяр фашызму ва ўрочышчы Перароў у Белавежскай пушчы праходзіць мітынг. Людзі з розных куткоў збіраюцца каля магілы, каб успомніць аб бязвінных ахвярах вайны – мірных жыхарах, растраляных фашысцкімі катамі ў канцы ліпеня – пачатку жніўня 1941 г. падчас адной з першых карных аперацый Вялікай Айчыннай вайны.
Гэты год не стаў выключэннем. Ушанаваць памяць землякоў каля помніка, які ў народзе называюць “Падаючыя крыжы”, сабраліся жыхары Шарашоўскага і Сухопальскага сельсаветаў, іншых рэгіёнаў Пружаншчыны, прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, працоўных і вучнёўскіх калектываў.
Выступоўцы, сярод якіх былі намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, настаяцель новазасімавіцкага храма іконы Божай Маці “Неспадзяваная радасць” Сергій Сысаляцін, ксёндз шарашоўскага Троіцкага касцёла Яцак Дубіцкі, гісторык Тэрэса Панамар, гаварылі аб неабходнасці захоўваць памяць аб мінулым і берагчы мір. Творы рэлігійнага зместу ў гэтым жалобным месцы выканаў вакальны ансамбль “Амафор” Новазасімавіцкага сельскага Дома культуры.
Прысутныя ўшанавалі памяць аб загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі да масавага пахавання кветкі і вянкі.
Мерапрыемства было падрыхтавана Пружанскім гарадскім Палацам культуры.