26 жніўня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (г.Мінск) адбыўся рэспубліканскі форум педагагічных работнікаў у сферы культуры «Образование в сфере культуры: от традиций к новым возможностям будущего». Ён стаў своеасаблівым пачаткам новага навучальнага года.
У прадстаўнічым мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за тысячу чалавек – выкладчыкі, настаўнікі, студэнты, кіраўнікі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, спецыялісты ўпраўленняў і аддзелаў культуры, Міністэрства культуры. Сярод прысутных была і дэлегацыя Пружанскага раёна.
Перад мерапрыемствам яго ўдзельнікі маглі пазнаёміцца з выставамі творчых работ і метадычнымі распрацоўкамі калег.
На форуме былі абмеркаваны актуальныя пытанні працы ўстаноў адукацыі ў сферы культуры ў новым навучальным годзе.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў педагагічнай нарады звярнуўся першы намеснік Міністра культуры Валерый Грамада. Ён жа ўручыў узнагароды лепшым работнікам за высокі прафесіяналізм і поспехі ў выхаванні падрастаючага пакалення. Падзякай Міністра культуры была адзначана настаўнік дзяржаўнай установы адукацыі “Дзіцячая школа мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны”, кіраўнік узорнага хору “Вітанак” Ірына Анатольеўна Буланькова.
Віншуем Ірыну Анатольеўну і ўсіх педагогаў Пружаншчыны з пачаткам новага навучальнага года! Жадаем плёну і поспехаў у рабоце!