Штогод 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Ён быў аб’яўлены 17 лістапада 1999 г. на 30-й Генеральнай канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА) з мэтай захавання і развіцця моўнай і культурнай разнастайнасці. Дзень роднай мовы святкуецца з 2000 г.
Дата 21 лютага была абрана невыпадкова, а ў памяць аб падзеях 1952 г., якія адбыліся ў г.Дака (цэнтр правінцыі ў Пакістане, з 1971 г. – сталіца Бангладэш). У той дзень загінулі студэнты-дэманстранты, якія патрабавалі абвясціць мову бенгалі дзяржаўнай.
Па падліках вучоных сёння ў свеце існуе звыш за 7 тысяч моў. З іх каля 32% – у Азіі, 30% – Афрыцы, 19% – Ціхаакіянскім рэгіёне, 15% – Амерыканскім кантыненце, 4% – Еўропе. З агульнай колькасці моў толькі 560 актыўна выкарыстоўваюцца ў дзяржаўнай сферы і сістэме адукацыі. На 40 самых распаўсюджаных мовах размаўляе амаль 2/3 насельніцтва Зямлі. Найбольш ужывальнымі мовамі з’яўляюцца кітайская, англійская, руская, хіндзі, іспанская, партугальская, французская і арабская.
У нашай краіне статус беларускай мовы як мовы дзяржаўнай (разам з рускай мовай) замацаваны ў Канстытуцыі і Законе “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”.