На тэрыторыі Пружанскага раёна працягваецца работа па расследаванні фактаў генацыду мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ужо выяўлены шэраг звестак, аб якіх не было вядома раней. Акрамя ўстанаўлення колькасці спаленых вёсак былі знойдзены сведчанні аб знішчэнні нямецкімі акупантамі яўрэйскага насельніцтва ў нашым краі.
27 студзеня ў Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту сусветная супольнасць успамінае прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасці, якія былі закатаваны ў часы другой сусветнай вайны. У нашым раёне напярэдадні і ў гады вайны пражывала вялікая колькасць яўрэйства. Пружаны, Ружаны, Шарашова, Лыскава, Паўлава, Канстанцінава, Аранчыцы, Ясень – вось толькі некаторыя месцы, дзе адбываліся жудасныя акты здзекаў над людзьмі, уся віна якіх заключалася ў іх этнічнай прыналежнасці.
Устаноўлена, што на тэрыторыі Пружаншчыны акупанты правялі шэраг карных “акцый” па знішчэнні яўрэяў і мясцовага насельніцтва, якое спрабавала выратаваць іх ад смерці. Было створана 2 вялікіх гета – у Пружанах і Ружанах, дзе ўтрымліваліся як тутэйшыя яўрэі, так і прымусова прыгнаныя сюды жыхары іншых населеных пунктаў Беларусі і Польшчы.
Пружанскае гета, дзе па розных падліках магло знаходзіцца каля 10 ці 12 тыс. чалавек, існавала з канца лета 1941 г. да 31 студзеня 1943 г. Значная частка людзей загінула тут ад голаду, хвароб, пакут і растрэлаў, астатнія былі вывезены ў канцлагеры, дзе іх, у большасці, таксама напаткала смерць. Мяркуюць, што масавыя растрэлы яўрэяў пружанскага гета праводзіліся каля в.Слабудка, в.Аранчыцы і на Броннай Гары. Падчас расследавання фактаў знішчэння мірных грамадзян, якое вядзецца ў раёне з лета 2021 г., сведкі і мясцовыя жыхары назвалі яшчэ некалькі такіх месцаў, але дакладней можна будзе гаварыць аб іх лакалізацыі толькі пасля правядзення палявых пошукавых работ.
Своеасаблівым месцам жалобы па загінуўшым землякам сёння з’яўляецца памятны знак ахвярам Халакосту, які быў узведзены на старых яўрэйскіх могілках у 2005 г. па ініцыятыве і на ахвяраванні пружанскага ўраджэнца грамадзяніна Ізраіля А.Харшалома. У 2014 г. каля в.Мыльніск у Белавежскай пушчы з’явіўся памятны знак яўрэям Шарашова, якія былі растраляны ў балоце паблізу в.Ясень у 1942 г.
Ружанскае гета, у якім магло ўтрымлівацца каля 4 тыс. чалавек, было створана нямецкімі ўладамі ўвосень 1941 г. і праіснавала да 2 лістапада 1942 г. Забойствы і здзекаванні над яўрэямі адбываліся ў пасёлку як да ўзнікнення гета, так і падчас яго існавання. Большасць з тых, хто застаўся жывым у Ружанах, потым былі перапраўлены ў Ваўкавыск. Частку людзей, найперш старых і хворых, растралялі па дарозе да новага месца зняволення. Ніхто не ведае, дзе месца іх апошняга прытулку. Астатнія таксама загінулі ад рук акупантаў.
Работа па ўстанаўленні фактаў генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны працягваецца. Яе вядуць пракуратура Пружанскага раёна сумесна з Пружанскім міжраённым аддзелам Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і аддзелам культуры райвыканкама. На сённяшні дзень сабраны звесткі аб раней невядомых сведчаннях аб Халакосце на тэрыторыі раёна, дапрошаны сведкі, агледжаны месцы мяркуемых пахаванняў і накіраваны адпаведныя інфармацыйныя лісты для ўключэння іх у план палявых пошукавых работ, сабраны дакументы, у тым ліку архіўныя, сістэматызаваны матэрыялы друку, вызначаны межы гета і інш.
Калі вы маеце інфармацыю аб фактах знішчэння мірнага насельніцтва, у тым ліку яўрэйскага, просім паведаміць аб гэтым па тэлефоне: 3-41-22 (панядзелак – пятніца, 8.00 – 13.00, 14.00 – 17.00).
Фота:
- Пахаванне ахвяр вайны каля в.Слабудка. кастрычнік 2021 г.
- Пахаванне ахвяр вайны на могілках у в.Аранчыцы. жнівень 2021 г.
- Тут праходзіла паўднёва-ўсходняя мяжа пружанскага гета. лістапад 2021 г.
- Памятны знак ахвярам Халакосту каля в.Мыльніск. кастрычнік 2020 г.
- Памятны знак на яўрэйскіх могілках у Пружанах. 2018 г.
Наталля Пракаповіч