Сярод канкурсантаў – бібліятэкар з Роўбіцка

У мінулым годзе Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіў конкурс творчых работ, прысвечаных Году народнага адзінства.

Узгаданы конкурс праводзіўся ў сямі намінацыях. У намінацыі “Вершы і апавяданні аб сваёй зямлі” свой паэтычны твор прадставіла бібліятэкар Роўбіцкай сельскай бібліятэкі Таццяна Уладзіміраўна Грэчышка. Напрыканцы 2021 года былі падведзены вынікі гэтага конкурсу. Таццяна Уладзіміраўна была адзначана сертыфікатам удзельніка. Прапануем яе верш шырокаму чытачу! Жадаем творчых поспехаў! 

Старонка родная мая

Мая родная старонка,
Непаўторны, дзіўны край!
Цудаў розных ты – скарбонка.
Прыкмячай, запамінай.

Вунь за вёскай, па-над лесам,
Усё святлее небакрай.
Распачаў канцэрт салоўка.
Здаецца, трапіла ў рай.

А над полем, у паднябессі,
Льецца песня жаўрука.
З ветрам шэпчацца калоссе,
Абдымае васілька.

Ох, гарэза-ветрык! Шпарка
З поля ў луг пераляцеў.
У траве з расою срэбнай
Пагуляцца там паспеў.

Па-за хлевамі на лузе
Ходзіць бусел басанож.
Убачыў жабу на купіне,
Растапырыў крылы, хвост.

І чаго дзівак цікуе?
Дзюбай шчоўкні – і абед.
Не, стаіць, глядзіць, пільнуе.
О-о! І чысціць свой прыкід.

Жаба ж лыпнула вачыма.
Чуе, побач што бяда.
Дрыгнула нагой, плячыма:
– Мой ратунак, дзе вада…

Ой! А ветрык-непаседа
Разгуляўся ўжо ў ляску.
Куралесіў да абеду,
Змораны прыціх у пяску.

З неба сонейка зірнула,
Усміхнулася яму,
Вочкам ясным падміргнула,
Паманіла ў вышыню.

Там з аблокамі гуляе
Вецер-бацька. Ай-яй-яй!
Хмаркі ў статак ён зганяе.
Ну, разбойнік, пачакай!

Маці-хмара наляцела.
Громам сварыцца. Ой-ёй!
Бліскавіцамі кідае:
– Я ж старая! Дзе ж спакой?

Ох, грымела-грукацела,
Слёзы-дождыкі ліла,
А, стаміўшыся, паволі
Аж за пушчу паплыла.

Змылі пыл красуні-кветкі.
Шэпчацца пушчанскі лес.
Усміхаюцца палеткі.
Ветрык зноў гуляць палез.

То нагоніць хвалькі ў лужах –
Быццам бы на моры шторм.
То затоіцца ў галінках:
– Захварэў я, занямог.

Вось і дзень ужо на зыходзе.
Час усім адпачываць.
Весяліцца, ветрык, годзе,
Заўтра будзеш зноў гуляць.

Па-над пушчай палымнее
Зморанага сонца дыск.
Вечар. Хутка ўжо сцямнее.
У гняздзе пад стрэхай піск.

Ластаўка ў гняздо спяшае
Пакарміць на ноч дзяцей.
Жук пад лісцік запаўзае
І ладкуецца ямчэй.

Маткі дзетак клічуць у хату:
– Хопіць гойсаць, пара спаць!
Заціхае наваколле.
Недзе веснічкі рыпяць…

Родная мая старонка!
Мой пушчанскі, любы край!
За дзень – уражанняў скарбонка.
Збірай хутчэй, запамінай.

У этой записи один комментарий

  1. Шеневская СБ

    Поздравляю,молодчинка,творческих успехов и в дальнейшем!

Добавить комментарий