Увечары перад “старым” Новым годам адбылося сапраўднае тэатралізаванае дзейства, якое мела не столькі забаўляльны, колькі сімвалічны сэнс, звязаны са старадаўнім земляробчым календаром, – гэта Шчадруха.
Да гэтага дня шмат у якіх установах культуры былі падрыхтаваны віншавальна-абрадавыя праграмы, з якімі шчадроўшчыкі адправіліся ў госці з пажаданнямі дабрабыту, здароўя і багатага ўраджаю.
Калазубскі сельскі клуб-бібліятэка наведаўся да мясцовых жыхароў. Удзельнікі абраду апрануліся ў традыцыйныя касцюмы, без якіх раней ніколі не абыходзілася свята, – Казы, Мядзведзя і Казака.
Са спевамі і ўшанаваннямі накіраваўся да сваіх землякоў Белавусаўшчынскі сельскі Дом культуры.
Рудніцкі сельскі клуб-бібліятэка таксама павіншаваў са святам аднавяскоўцаў.
Жыхары аг. Шані сустракалі артыстаў з мясцовага сельскага клуба, якія завіталі да іх з вясёлымі песнямі, танцамі, гумарам і найлепшымі пажаданнямі ў новым годзе.
Клуб аматараў гумару “Свая гульня”, вакальны гурт “Каханачка” і тэатр мініяцюр “Тмін” Ліноўскага сельскага Дома культуры шчадравалі ў Лінове і Аранчыцах.
А Шарашоўскі цэнтр культуры і вольнага часу наведаў шматдзетныя сем’і і пажылых грамадзян сельсавета.