Новы год – гэта сапраўднае свята для дзяцей і дарослых. Кожны чакае ад яго прыемных эмоцый, сяброўскіх сустрэч і, канечне, незвычайных падарункаў. Адным з такіх цікавых сюрпрызаў можа стаць эксклюзіўны прэзент. Дзеля таго, каб набыць менавіта такі падарунак, у Пружанскім гарадскім Палацы культуры была арганізавана выстава-продаж «Калядная крама», на якой мясцовыя рамеснікі прапанавалі сваю прадукцыю. Наведвальнікі Палаца культуры маглі набыць сувеніры ручной работы для сябе і сваіх блізкіх.
Стварыць падарункі ўласнымі рукамі прапанавалі таксама ў Новазасімавіцкім сельскім Доме культуры. Для дзяцей адбыўся майстар-клас па вырабу сувенірных ёлачак з салёнага цеста.
А Пружанская раённая бібліятэка імя Міколы Засіма да свят падрыхтавала тэматычную кніжную выставу і стварыла спецыяльную фотозону, дзе кожны наведвальнік можа зрабіць здымак на памяць.
Работнікі культуры працягваюць віншаваць жыхароў раёна з навагоднімі святамі. Так, ранішнік «Запрашаем ў казку» правёў Новазасімавіцкі сельскі Дом культуры, падчас якога дзеці гулялі з казачнымі персанажамі, ўпрыгожвалі ёлачку разам са Снягуркай, прымалі салодкія прызы і падарункі ад Дзеда Мароза. А Шарашоўскі цэнтр культуры і вольнага часу сам прынёс свята ў працоўныя калектывы, наведаўшы з віншаваннямі 17 арганізацый сельсавета.