Аліса і чароўнае зелле

У пераднавагоднія святы Пружанскі гарадскі Палац культуры прадставіў музычны шоу-спектакль “Аліса і чароўнае зелле”.

Ужо не першы год работнікі Палаца культуры здзіўляюць юных жыхароў нашага горада і раёна незвычайным казачным прадстаўленнем. У гэтым годзе разам з Алісай з казкі Льюіса Кэрала рабяты атрымалі магчымасць накіравацца ў Краіну Цудаў да Чырвонай Каралевы, каб выратаваць Дзеда Мароза і Снягурку.

28 снежня на сцэне Палаца культуры адбылася прэм’ера спектакля “Аліса і чароўнае зелле”. Пастаноўка выклікала аншлаг – у вялікай зале не было свабодных месцаў.

Падарожжа у Краіну Цудаў выдалася даволі складаным, таму што злыя чарадзейкі Мойры выклікалі бясконцы снег, які схаваў усю зямлю белым халодным покрывам. Для ўсіх гледачоў гэты казачны снег быў сапраўднай нечаканасцю, таму што ён бясконца кружыў над сцэнай на працягу ўсяго прадстаўлення. Аліса і яе Кот, нягледзячы на шматлікія перашкоды, здолелі разам з героямі розных папулярных мультыплікацыйных фільмаў пераадолець усе непрыемнасці і выратаваць навагодняе свята.

Акрамя спектакля дзяцей чакалі іншыя прыемныя сюрпрызы. Апасля прадстаўлення кожны меў магчымаць падняцца на сцэну, каб дакарнуцца да казачнага снегу і сфатаграфавацца з казачнымі героямі. Таксама усіх рабят запрасілі на гульнявую праграму вакол ёлкі разам са Снягуркай і яе памочніцамі.

У шоу-спектаклі прымалі ўдзел не толькі работнікі Палаца культуры, але і юныя ўдзельнікі аматарскіх калектываў – студыі эстраднага танца “Амелі” (кір. А.Строк), узорнага ансамбля эстраднага танца “Рубікон” (кір. С.Салавей), узорнага ансамбля народнага танца “Круцёлачкі” (кір. А.Ільюшонак).

Калі вы яшчэ не наведалі музычны шоу-спектакль “Аліса і чароўнае зелле” ў Пружанскім гарадскім Палацы культуры, скарыстайцеся такой магчымасцю. Сёння, 30 снежня, адбудзецца яшчэ адно прадстаўленне.

Віншуем са святам! Прыемнага Вам прагляду!

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий