Кіраўнік – Шчарбанёва Наталля Барысаўна
Год стварэння – 1972
Год прысваення звання – 1983
Узорны ансамбль народнага танца “Завіруха” з’яўляецца адным са старэйшых і найвядомейшых творчых аматарскіх аб’яднанняў Пружанскага раёна.
Ён з’явіўся ў 1972 г. пры раённым Доме культуры. Стваральнікам і першым кіраўніком ансамбля была Людміла Алексяюк. У 1980 – 1986, 1988 – 2006 гг. калектыў узначальваў Юрый Сямёнавіч Васілюк. Ансамблем таксама кіравалі: Васіль Міхайлавіч Пілюцік (1987 – жнівень 1988), Юлія Юр’еўна Васілюк (2006 – 2011).
Дапамогу ў фарміраванні рэпертуару ансамбля аказала Ніна Канстанцінаўна Залеўская – заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. Яна паставіла такія танцы як “Смалянскі падбіван”, “Малацілачка”, “Сейбіты”, “Кругляк”, “Шматкаленая кадрыля”, “Ліхасельская полька”, “Мураўскія прытупы”. Пастаноўшчыкамі танцаў таксама былі – Таццяна Міхайлаўна Дварадкіна, Васіль Міхайлавіч Пілюцік і Дзяніс Юр’евіч Васілюк.
У 1983 г. ансамбль танца “Завіруха” атрымаў высокае званне “народны аматарскі калектыў”.
Ён з’яўляўся лаўрэатам Першага і Другога Усесаюзных фестываляў самадзейнай мастацкай творчасці працоўных (г.Масква, 1975 г., 1977 г.), дыпламантам Міжнароднага фестывалю фальклору (Чэхаславакія, 1984 г.), Міжнароднага фестывалю “Палескі карагод” (г.Пінск, Брэсцкая вобл.). “Завіруха” неаднаразова прадстаўляла Пружаншчыну і Беларусь на міжнародных фестывалях фальклору і канцэртах ў Польшчы, Балгарыі, Іспаніі, Расіі, Украіне.
З лістапада 2011 г. ансамбль танца “Завіруха” (з 2015 г. носіць званне “узорны”) стаў працаваць пры Ліноўскай дзіцячай школе матсацтваў. З гэтага часу да чэрвеня 2021 г. калектывам кіраваў Дзяніс Юр’евіч Васілюк. З верасня 2021 г. ансамбль узначаліла педагог-харэограф Наталля Барысаўна Шчарбанёва – былая ўдзельніца калектыву і выпускніца Ліноўскай школы мастацтваў.
Ансамбль танца “Завіруха” працуе ў харэаграфічным жанры з народнай манерай выканання пад акампанемент ансамбля народных інструментаў. У яго рэпертуары – беларускія народныя танцы і харэаграфічна-абрадавыя кампазіцыі, у тым ліку заснаваныя на мясцовых фальклорных традыцыях (“Лявоніха”, “Перапёлачка”, “Расхадуха”, “Завіруха” і інш.), танцы народаў свету.
Дзіцячы калектыў неаднаразова з’яўляўся ўдзельнікам шматлікіх канцэртных праграм на сцэнічных пдяцоўках Пружаншчыны і Брэсцкай вобласці.
У 2013 г. ён прыняў удзел у міжнародным фестывалі “Кветка папараці” (г.Вільнюс, Літва).
Узорны ансамбль танца “Завіруха” ўзнагароджаны:
— дыпломам I-й ступені рэгіянальнага свята-конкурсу “Магія танца” (г.Пружаны, 2016 г., 2017 г.);
— дыпломам II-й ступені абласнога конкурсу “Скарбніца талентаў” (г.Пінск, 2017 г.) і інш.