Штогод у першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаюць Дзень настаўніка.
Святочныя мерапрыемствы з нагоды гэтага знакавага для многіх дня прайшлі ў дзіцячых школах мастацтваў Пружанскага раёна.
У Новых Засімавічах адбыўся канцэрт “Мы за терпение Вас и труд благодарим!”. У цудоўны музычна-паэтычны вечар, які быў падрыхтаваны вучнямі школы мастацтваў, віншаванні гучалі ў гонар любімых настаўнікаў і школы. У пачатку канцэрта дырэктар школы М.Л.Кузьміч адзначыла, што прафесія настаўніка, тым больш настаўніка-музыканта, – гэта адна з самых важных і гуманных прафесій на свеце, якая мае далёкую перспектыву, так як фарміруе ў дзяцей любоў да прыгожага, выхоўвае высокую мараль і адказнасць. На працягу свята дзеці радавалі сваіх настаўнікаў выдатнымі канцэртнымі нумарамі і шчырымі словамі.
Святочна-віншавальную праграму для педагогаў таксама падрыхтавалі вучні Шарашоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Яны падарылі настаўнікам музычныя нумары і інсцэніроўкі, сказалі шмат словаў падзякі.
Не застаўся ўбаку ад святкавання Дня настаўніка і Шарашоўскі цэнтр культуры і вольнага часу. У мясцовай сярэдняй школе адбыўся канцэрт “Школа – как целая жизнь!” з запрашэннем педагогаў, якія шмат гадоў аддалі працы ў сферы адукацыі. Напрыканцы мерапрыемства работнікі культуры правялі конкурсы і “салодкі” стол. Для вучняў 7-га класа быў арганізаваны дзіцячы час “Ты і настаўнік”.
Да віншаванняў настаўнікаў далучыліся таксама Калазубскі і Сухопальскі сельскія клубы-бібліятэкі, Роўбіцкі сельскі Дом культуры. Яны падрыхтавалі індывідуальныя святочныя праграмы, з якімі наведалі педагогаў-ветэранаў.