Адлюстраванне творчасці

У дзяржаўнай установе культуры «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў» нядаўна пачала работу выстава «Адлюстраванне». На ёй прадстаўлены мастацкія работы Галіны Рыгораўны Локцевай (г.Пружаны).

Галіна Рыгораўна нарадзілася ў в.Арабнікі Пружанскага раёна. Вучылася ў сярэдняй школе № 1 г.Пружаны. Закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Шмат гадоў працавала настаўнікам інфарматыкі ў школах раёна, метадыстам аддзела па адукацыі райвыканкама.

Пасля выхаду на пенсію ў 2021 г. зацікавілася жывапісам, вучылася самастойна па кнігах і ўроках у сетцы Інтэрнэт. У 2022 – 2024 гг. навучалася ў мастацкай on-line школе «Жывапіс алеем» (г.Санкт-Пецярбург) у педагогаў-мастакоў Надзеі Ілліной і Аляксандры Чорнай. У гэты ж перыяд удзельнічала ў розных on-line праектах – выставах твораў школы «Жывапіс алеем», творчага аб’яднання «Na-Vi», «Кастынг нацюрмортаў» галерэі «Кантраст» (г.Екацерынбург), Усерасійскай выставе работ сучасных мастакоў «Жывапіс без межаў» (г.Масква), конкурсах-фестывалях – «Серпантын мастацтваў», «Жар-птушка Расіі», «Global Asia», «BalkOn-2024», «Gomel Fest», «Белавежская зорка», «Палітра талентаў».

У чэрвені 2023 г. адбылася першая персанальная выстава мастачкі «Я адкрываю сябе» ў Пружанскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У студзені – лютым 2024 г. Галіна Локцева прадставіла свае работы на выставе «Пагружэнне ў жывопіс» у Пружанскай цэнтральнай рённай бібліятэцы імя М.Засіма. Яе творы пастаянна экспануюцца на розных гарадскіх і раённых мерапрыемствах.

Асноўная тэматыка работ мастачкі – пейзажы і нацюрморты. Яна натхняецца прыродай роднага краю, імкнецца перадаць яе прыгажосць, падзяліцца сваімі ўражаннямі з гледачамі.

Выстава работ Г.Р.Локцевай «Адлюстраванне» будзе працаваць у ружанскім музеі да канца сакавіка 2025 г.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий