Бібліятэкі прапануюць сваім чытачам змястоўную арганізацыю вольнага часу.
Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Засіма запрасіла вучняў сярэдняй школы № 5 на квэст-гульню «Знаёмся: Інтэрнэт!», якая прайшла ў рамках праграмы «Школа прававой культуры». Рабяты даведаліся аб карысці і шкодзе сусветнай павуціны. З мэтай рэалізацыі праграмы па духоўна-маральным выхаванні моладзі «Дарогаю дабрыні» бібліятэка правяла для вучняў сярэдняй школы № 1 праваслаўную гадзіну «Пётр і Фяўроння – вечныя сімвалы кахання». У мерапрыемстве ўдзельнічаў святар храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага Д.Папоў, які звярнуў увагу на значэнне сям’і ў жыцці чалавека. Дзіцяча-юнацкі аддзел цэнтральнай раённай бібліятэкі прапанаваў гімназістам прававы ўрок-гульню «Ты і закон» і пазнавальную гадзіну «Дар маленькага зярняткі».
Ліноўская сельская бібліятэка разам з настаяцелем аранчыцкага храма Узвіжання Крыжа Гасподня А.Мялешкам запрасілі сталую аўдыторыю на праваслаўную вечарыну «Брэсцкая епархія: гісторыя і сучаснасць», якая была прысвечана 185-годдзю ўтварэння рэлігійнай акругі і 35-годдзю яе аднаўлення. Для малодшых школьнікў бібліятэка падрыхтавала экскурсію «Падарожжа ў краіну кніжных скарбаў» і пазнавальную гадзіну «Ад бразготкі да ваўчка», прысвечаную гісторыі дзіцячых цацак.
Шарашоўская сельская бібліятэка павіншавала свайго юнага чытача Ксенію Венска са знакавай падзеяй – верш дзяўчынкі «Буслы», прадстаўлены на літаратурна-краязнаўчы конкурс «Мой любы край – мая Берасцейшчына», быў адзначаны дыпломам і ўключаны ў аднайменны зборнік творчых работ, прысвечаных 85-годдзю ўтварэння вобласці.