Сапраўдны цуд у палацыку

10 снежня ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адбылася творчая сустрэча з мастаком-ілюстратарам Марыяй Кузьміч (г.Мінск) і калекцыянерам, кіраўніком клуба «Музейная гасцёўня» Брэсцкага аддзялення РГА «Русское общество», стваральніцай дамашняга музея «Дзеды Марозы і Снягуркі» (г.Брэст) Ганнай Кавалёвай. Яны прадставілі наведвальнікам сваю сумесную выставу «Чаканне цуда», якая з пачатку студзеня працуе ў «палацыку» і прадстаўляе сабой своеасаблівы сінтэз мінулага і сучаснасці.

Дарэчы, Марыя Кузьміч – ураджэнка Пружан. Яна закончыла выяўленчае аддзяленне дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы, Віцебскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў (дызайн) і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава (выяўленчае мастацтва, педагог-мастак). Марыя Віктараўна пэўны час працавала настаўнікам у Шарашоўскай і Пружанскай дзіцячых школах мастацтваў, школе малявання «Пікча» (г.Мінск). Сёння яна працуе мастаком-ілюстратарам у новым накірунку сучаснага выяўленчага мастацтва – Digital Art, які дазваляе ствараць ілюстрацыі з дапамогай спецыяльных камп’ютарных  праграм і графічных інструментаў. Многія пружанцы і госці горада штодня бачаць выяву, створаную М.Кузьміч, – лагатып праекта «Пружаны – здаровы горад».

Ганна Кавалёва шмат гадоў збірае калекцыю навагодніх цацак – Дзедаў Марозаў і Снягурак. У калекцыі больш за 400 статуэтак, якія можна ўбачыць у яе прыватным музеі ў Брэсце. Сярод экспанатаў – казачныя героі, створаныя ў Італіі, Славеніі, Чэхіі, Чарнагорыі, Польшчы, але найбольш – СССР.

Падчас творчай сустрэчы ў Пружанскім палацыку аўтары выставы падрабязна расказалі аб сваіх захапленнях, правялі займальную экскурсію, падчас якой пазнаёмілі з унікальнымі экспанатамі. Мерапрыемства ў музеі не аставіла раўнадушнымі ні дзяцей, ні дарослых. Завяршылася падзея абменам падарункамі. Марыя Кузьміч перадала ў фонды музея сваю ілюстрацыю з выявай Пружанскага палацыка, а Ганна Кавалёва – статуэтку Дзеда Мароза, створаную ў 1970-я гг. у г.Роўна (Украінская ССР).

Паспейце і вы наведаць незвычайную выставу «Чаканне цуда», якая будзе працаваць у музеі да канца студзеня 2025 года!

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий