Напярэдадні Новага года бібліятэкі прапанавалі шмат актыўных і вясёлых заняткаў для дзяцей.
У філіяле «Ліноўская сельская бібліятэка» прайшла віктарына «Да нас стукае Новы год» з цыклу «Я з кнігай адкрываю свет». Падчас яе рабяты паказалі свае веды, кемлівасць, уменне працаваць у камандзе. Завяршылася мерапрыемства праглядам кніжнай выставы-інсталяцыі «Снежная, пяшчотная казка зімы».
Дзіцяча-юнацкі аддзел Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Засіма наведалі вучні 1 «Б» класа гімназіі. На святочных вячорках «На парозе Новы год» дзеці даведаліся як раней людзі рыхтаваліся да свята і дзе жыве беларускі Дзед Мароз. Хлопчыкі і дзяўчынкі падзяліліся аповедам аб сямейных навагодніх традыцыях, пачыталі напамяць вершы і паўдзельнічалі ў літаратурнай віктарыне. Конкурнсна-гульнявую праграму «Вясёлыя прыгоды ў племені Салодкаежак», якую падрыхтавалі бібліятэкары аддзела, наведалі вучні трэціх класаў гімназіі. Дзеці паспаборнічалі ў жартоўных гульнях і адказалі на пытанні віктарыны «Па казачных сцяжынках».
Філіял «Пружанская гарадская бібліятэка» правёў для вучняў 9 «А» класа сярэдняй школы № 3 гульню-віктарыну «Беларусь: гісторыя і сучаснасць». Хлопчыкі і дзяўчынкі праверылі свае веды пра найбольш знакамітыя гістарычныя, прыродныя і прамысловыя аб’екты нашай краіны.
Філіял «Слабудская сельская бібліятэка» прапанаваў выхаванцам дзіцячага сада літаратурна-забаўляльную праграму, падчас якой маленькія чытачы прачыталі і абмеркавалі кнігу У.Ляскоўскага «Вершы пад елку». А наведвальнікі прышкольнага лагера Слабадской сярэдняй школы разам з бібліятэкарам здзейснілі віртуальнае падарожжа «Сяброўства – галоўны цуд на свеце». Рабяты паразважалі над учынкамі літаратурных герояў і правіламі сяброўскіх адносін.