У мінулыя выхадныя ў шэрагу населеных пунктаў раёна прайшлі прыгожыя святы, якія распачалі цыкл навагодніх і калядных мерапрыемстваў.
Безумоўна, самым масавым і ўрачыстым стала сямейнае свята «Стартуем у Новы год!», якое адбылося 15 снежня каля галоўнай елкі ў Пружанах. У чаканні Дзеда Мароза і Снягуркі дзеці разам з бацькамі адгадвалі загадкі, гулялі ў вясёлыя і пазнавальныя гульні. Цікавую тэатралізавана-канцэртную праграму прапанаваў Пружанскі гарадскі Палац культуры. Калі ж Дзед Мароз запаліў на елцы агеньчыкі, дарэчы, у гэтым годзе яны асабліва прыгожыя і незвычайныя, хлопчыкі і дзяўчынкі разам з дарослымі і казачнымі героямі, ролю якіх выканалі работнікі сферы культуры, вадзілі карагоды каля лясной прыгажуні.
14 снежня навагодня ўрачыстасці распачаліся ў г.п.Ружаны. Дзеці і дарослыя далучыліся да тэатралізавана-музычнага прадстаўлення, падрыхтаванага Ружанскім цэнтрам культуры і вольнага часу. Разам з Снегавікамі, Восенню і Зімой, Бабай Ягой і, канечне, Дедам Марозам і Снягуркай, у ролі якіх выступілі работнікі культуры і мясцовыя самадзейныя артысты, дзеці і дарослыя гулялі і вадзілі карагоды, а потым разам запалілі навагоднія агеньчыкі, распачаўшы сезон навагодніх і калядных свят у Ружанах.
Па-сапраўднаму весела і святочна 14 снежня прайшло свята запальвання навагодніх агеньчыкаў на елцы ў аг.Клепачы. Разам з работнікамі культуры, якія падрыхтавалі сцэнарый мерапрыемства і з’яўляліся рухавіком свята, да яго далучыліся прадстаўнікі працоўных і дзіцячых калектываў, мясцовыя жыхары.