На мінулым тыдні ў Новазасімавіцкай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся бацькоўскі сход. У ім прынялі ўдзел мамы і таты першакласнікаў, педагогі.
Спачатку перад прысутнымі выступіла дырэктар установы М.Л.Кузьміч. Яна спынілася на асаблівасцях навучальнага працэсу, асноўных накірунках школьнага жыцця, важнасці кантролю і ўдзелу бацькоў у выхаванні дзяцей, значэнні музыкі ў жыцці і пашырэнні творчых магчымасцяў дзяцей. Таксама ў рамках правядзення прафілактычнай акцыі «Дзяцінства без насілля» кіраўнік школы звярнула ўвагу на бяспеку дзяцей у сетцы Інтэрнэт, важнасць сямейнага выхавання.
У другой частцы сходу быў прадэманстраваны фрагмент урока па сальфеджыа, падрыхтаваны настаўнікам Л.М.Філімовіч. Першакласнікі прадставілі прысутным музычнае прывітанне і «Гімн сальфеджыа». Рабяты выканалі шэраг заданняў, спявалі і ігралі на фартэпіяна пройдзеныя п’есы, паказалі веданне нот, клавіш, рэгістраў, адрознівалі музычныя жанры і настроі. Настаўнік адзначыла, што разнастайныя віды заданняў на ўроках сальфеджыа патрэбны, каб навучыць дзяцей думаць і слухаць, авалодваць музычной граматай і дамагацца мэты, пераадольваючы цяжкасці, а дзеля гэтага неабходна падтрымка і зацікаўленасць бацькоў.