Даведацца новае і замацаваць ужо вядомае дапамагаюць бібліятэкі.
У Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма адбылося чарговае мерапрыемства ў рамках праграмы «Школа прававой культуры». Прававая гадзіна «Мы ў адказе за тых, каго прыручылі», прысвечаная Сусветнаму дню абароны жывёл, прайшла з удзелам гімназістаў. А дзіцяча-юнацкі аддзел бібліятэкі запрасіў дзевяцікласнікаў сярэдняй школы № 4 на завочнае падарожжа па Брэсцкай вобласці, падчас якога рабяты ўспомнілі старонкі гісторыі роднага краю, славутых людзей і мясціны, знакавыя турыстычныя аб’екты.
Для вучняў 3 «А» класа Параслянскай сярэдняй школы Новазасімавіцкая сельская бібліятэка зладзіла пазнавальную гульню «Прырода Беларусі». Дзеці пачулі аповед аб лясах, азёрах, балотах, жывёлах і птушках Радзімы.
Ружанская гарпасялковая бібліятэка правяла для дзевяцікласнікаў вечарыну-партрэт «Старонкі мяцежнага жыцця», прысвечаную 210-годдзю з дня нараджэння М.Ю.Лермантава.