У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» працягваецца выстава карт XV – XVIII стст. з калекцыі Беларускага геаграфічнага таварыства. Экспазіцыя прымеркавана да 70-годдзя стварэння таварыства, 90-годдзя факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі і 55-годдзя кафедры геадэзіі і космааэракартаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У розныя часы картаграфічныя матэрыялы з’яўляліся крыніцай ведаў аб геаграфічным вывучэнні розных тэрыторый Зямлі. Картографы абагульнялі ўяўленні аб наваколлі і далёкіх землях, перадавалі сваё бачанне свету. На картах, якія дэманструюцца у «палацыку», паказаны еўрапейскія і беларускія землі на працягу стагоддзяў. Картаграфічныя крыніцы дазваляюць звярнуцца да мінулага, прасачыць развіццё геаграфічнай навукі.
Унікальныя старажытныя карты – помнікі гісторыі, геаграфіі, тэхнікі, каштоўныя крыніцы інфармацыі і, нават, творы мастацтва. Звесткі, змешчаныя на картах, з аднаго боку, адлюстроўваюць узровень геаграфічных ведаў аб тэрыторыях, а з другога – з’яўляюцца завяршальным этапам шматгадовай працы вучоных.
Гісторыя графічнага адлюстравання беларуских зямель непарыўна звязана з развіццём картаграфіі Заходняй Еўропы, Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і СССР. Развіццё картаграфіі на працягу стагоддзяў прайшло эвалюцыю ад недасканалых карт старажытнасці да сучасных матэрыялаў, створаных з дапамогай дакладных геадэзічных прыбораў і спецыяльных апаратаў, кампьютарных тэхналогій. Карты па сённяшні час служаць сродкам умацавання дзяржаўнасці і бяспекі, застаюцца асновай да назапашвання ведаў, з’яўляюцца дапаможнікам для падарожнікаў, выконваюць іншыя важныя функцыі.
Пазнаёміцца са старадаўнімі картамі можна на выставе ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», якая будзе працаваць да 23 верасня.