5 верасня ва ўсіх кінатэатрах краіны, у тым ліку ў пружанскім «Спадарожніку», адбудзецца прэм’ера беларускага дакументальнага фільма «Культурны код». Стужка працягласцю 36 хвілін створана на нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёрам Кірылам Халецкім у 2024 г. У ролях зняліся Уладзіслаў Соладаў і Дар’я Лазарчык.
Па сюжэце фільма два студэнты выпускнога курса Акадэміі мастацтваў аператар Ваня і рэжысёр Ліза атрымліваюць творчае заданне зняць дыпломную работу – дакументальны фільм пра дзяржаўныя сімвалы Беларусі. Здымкі праекта становяцца захапляльнай і пазнавальнай прыгодай для маладых герояў. Яны ўдзельнічаюць у аўтапробегу да Дня Незалежнасці, акцыі «Спяём гімн разам», наведваюць музеі і знаёмяцца з цікавымі суразмоўцамі. Стужка распавядае гледачам не толькі аб стварэнні дзяржаўных сімвалаў, але і далучае да эмацыянальных перажыванняў герояў.
Кінатэатр «Спадарожнік» запрашае паглядзець дакументальную стужку «Культурны код»! Сачыце за афішамі!